Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сту́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да стуліць.

стульча́к, ‑а, м.

У туалеце — сядзенне з адтулінай у сярэдзіне.

сту́па, ‑ы, ж.

Драўляная або металічная пасудзіна, у якой таўкуць што‑н. таўкачом. Першае, што ўбачыла .. [Аўгеня] там, была ступа і дзве маладзіцы, нявесткі дзеда Стукача: маладзіцы стаялі адна насупраць другой з таўкачамі і заложна таўклі куццю. Колас. Каля прыпечка стаяла маці і, аберуч трымаючы таўкач, таўкла нешта ў ступе. Кулакоўскі.

•••

Таўчы ваду ў ступе гл. таўчы.

ступа́, ы́, ж.

Тэмп руху пры хадзьбе, яздзе на кані; крок. Магчыма, мяккая трава прыглушыла конскую ступу, магчыма, хлопцы, заслухаўшыся, проста не звярнулі ўвагі і палічылі ступу варанога за тупат сваіх коней... Караткевіч. [Коля] раптам ірвануўся наперад па ўсю сваю шырокую ступу. Прысадзісты, каратканогі Міша ледзь паспяваў за ім. Якімовіч. // звычайна ў Т з азначэннем. Поступ, паходка. Нялёгка часам ладзіць нам з табою, І ў праваце сваёй — нібы нямы. Лепш падыдзі нячутнаю ступою І абнімі. Пысін. // Самы павольны алюр. Не прызвычаеная да ціхай хады Мяцеліца парывалася час ад часу перайсці з руплівай, дробнай ступы на рысь. Брыль.

ступа́к, ‑а, м.

Абл.

1. Частка нагі ад костачкі ўніз; ступня. Пасля першага дня балела ўсё цела, як пабітае, кожны мускул адзываўся болем, пачынаючы ад шыі і канчаючы ступакамі ног. Дамашэвіч. // Ніжняя паверхня ступні; падэшва. Да самых маразоў Нічыпар хадзіў босы, і зноў жа таму, што не любіў якіх-небудзь турботаў. — Ступак у мяне нічога не разбірае, — апраўдваўся ён перад людзьмі. Кулакоўскі.

2. Абутак на ступні ног. Намацвае [Амброзім] пад лавай ступакі, саджае ў іх ногі, апранае кажух. Сачанка.

ступа́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ступаць — ступіць.

сту́пар, ‑у, м.

Стан прыгнечанасці пры некаторых псіхозах, які выяўляецца ў маўклівасці і поўнай нерухомасці хворага.

[Ад лап. stupor — здранцвенне.]

сту́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Стаміцца, многа тупаючы. — А я што, — заскрыпела .. [старая], — камень? Мне мора трэба? Ты вось ляжы, як пан, а я табе ўсюды спраўлюся. Скулу! Ступаліся ногі за ўсім... Брыль.

ступа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да ступіць ​1.

2. Крочыць, ісці. Тут [на Палессі] асцярожна трэба ступаць нагой: трава расце на дрыгве, якая гойдаецца пад нагамі, з якое сочыцца вада. Чорны. Бацька глядзіць, як лёгка ступою я, і нешта думае. Сачанка. // на што. Рабіць апору на што‑н. пры хадзьбе. Боль пры хадзе меншы, калі ступаць не на пятку, а на насок. Навуменка.

•••

Нага не ступала гл. нага.

На парог не ступаць — не хадзіць да каго‑н., не бываць у каго‑н.

ступе́нь, ‑і, ж.

1. Гарызантальны выступ лесвіцы, на які ступаюць пры пад’ёме або спуску. Стаіць наш дзядзька ў задуменні, Не смее ўзняцца на ступені: Баіцца ён мужычым ботам, Прапахлым дзёгцем, здорам, потам, Тут наслядзіць або напляміць. Колас. // Выступ, уступ на паверхні чаго‑н. Ступень шківа. Ступені пласкагор’я.

2. перан. Этап у развіцці, здзяйсненні чаго‑н. Ступень развіцця прадукцыйных сіл. □ Камунізм — гэта вышэйшая ступень грамадскага развіцця. «Звязда». Ішоў [Васіль Іванавіч] са ступенькі на ступеньку, ад малога да большага, ад непрыкметнага чалавека да выдатнага дзеяча. І кожная ступенька супадала з тымі вялікімі ступенямі, якія праходзіла і ўся краіна. Лынькоў.

3. (з прыназоўнікамі «у», «да» і азначэннем). Мера праяўлення якой‑н. якасці, дзеяння і пад. У значнай ступені. Да некаторай ступені. □ Усё, што гаварыў Ладынін, было ў нейкай ступені папрокам яму, і .. [Максім] разумеў гэта. Шамякін. [Фрося:] — Не баюся тваіх сабак. Я ўжо цкаваная... Гэта «не баюся» давяло лесніка да самай вышэйшай ступені нечалавечага гневу. Бядуля.

4. (у спалучэнні з лічэбнікам). Разрад, падраздзяленне ў структуры чаго‑н. Дыплом першай ступені. □ Шаўчук, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені, адпушчаны дахаты. Брыль. // Стадыя (пра апёк, абмарожванне). Апёк першай ступені. // Узровень, на якім знаходзіцца хто‑, што‑н., якога дасягнуў хто‑н. Балада «Смерць Маланні» ўзняла паэта на новую ступень глыбокага пранікнення ў псіхалогію савецкага чалавека. «ЛіМ». // Мяжа, граніца чаго‑н. Вісарыён .. прадоўжваў работу ва ўмовах поўнай канспірацыі. Гэта была вышэйшая ступень суровай школы падпольшчыка-бальшавіка. Самуйлёнак.

5. Вучонае званне. Прысудзіць ступень доктара навук. □ [Рыгор:] — І дысертацыю напішу... Толькі такую, каб ніхто не мог мяне ўпікнуць, што я толькі ступень атрымаць імкнуся. Арабей.

6. У музыцы — кожны гук музычнага гукарада, тэмы, ладу.

7. У матэматыцы — здабытак роўных сумножнікаў. Ікс у пятай ступені.

8. Частка састаўной ракеты, якая забяспечвае яе палёт на пэўным участку траекторыі і аддзяляецца пасля выгарання паліва, што знаходзіцца ў ёй. Нямала панайшло дзяцей, Глядзяць у захапленні: Ракета на вачах расце, Гатовы дзве ступені. Калачынскі.

9. мн. ступе́ні, ‑ей; ж. і ступяні́, ‑ёў; м. Абл. Ступні. Ступені яе [Гертруды] ног былі ўжо спрэс у крыві. Чорны. Вялікія, плоскія сляды сымонавых ступянёў чарнелі на .. [снезе]. Кулакоўскі. // След. [Лукаш:] — Во, глядзіце, сляды, — і ён паказаў гаспадыні ступяні ад сваіх жа ног. Лобан.

•••

Вышэйшая ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая называе якасць, уласцівую гэтаму прадмету ў большай меры, чым іншаму.

Звычайная ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая з’яўляецца зыходнай пры супастаўленні з вышэйшай і найвышэйшай.

Найвышэйшая ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая абазначае вышэйшую ступень якой‑н. якасці.

Ступені параўнання — формы якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якія выражаюць якасць прадмета безадносна да яго меры (звычайная ступень) або параўнальна большую ці самую высокую меру якасці (вышэйшая і найвышэйшая ступень).

Ступень сваяцтва — від сваяцкіх адносін паміж членамі аднаго роду.

Да такой ступені — настолькі, так.

ступе́ньчатасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан ступеньчатага. Ступеньчатасць развіцця.