сту́па, ‑ы, ж.
Драўляная або металічная пасудзіна, у якой таўкуць што‑н. таўкачом. Першае, што ўбачыла .. [Аўгеня] там, была ступа і дзве маладзіцы, нявесткі дзеда Стукача: маладзіцы стаялі адна насупраць другой з таўкачамі і заложна таўклі куццю. Колас. Каля прыпечка стаяла маці і, аберуч трымаючы таўкач, таўкла нешта ў ступе. Кулакоўскі.
•••
Таўчы ваду ў ступе гл. таўчы.
ступа́, ‑ы́, ж.
Тэмп руху пры хадзьбе, яздзе на кані; крок. Магчыма, мяккая трава прыглушыла конскую ступу, магчыма, хлопцы, заслухаўшыся, проста не звярнулі ўвагі і палічылі ступу варанога за тупат сваіх коней... Караткевіч. [Коля] раптам ірвануўся наперад па ўсю сваю шырокую ступу. Прысадзісты, каратканогі Міша ледзь паспяваў за ім. Якімовіч. // звычайна ў Т з азначэннем. Поступ, паходка. Нялёгка часам ладзіць нам з табою, І ў праваце сваёй — нібы нямы. Лепш падыдзі нячутнаю ступою І абнімі. Пысін. // Самы павольны алюр. Не прызвычаеная да ціхай хады Мяцеліца парывалася час ад часу перайсці з руплівай, дробнай ступы на рысь. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)