ступе́нь, ‑і, ж.

1. Гарызантальны выступ лесвіцы, на які ступаюць пры пад’ёме або спуску. Стаіць наш дзядзька ў задуменні, Не смее ўзняцца на ступені: Баіцца ён мужычым ботам, Прапахлым дзёгцем, здорам, потам, Тут наслядзіць або напляміць. Колас. // Выступ, уступ на паверхні чаго‑н. Ступень шківа. Ступені пласкагор’я.

2. перан. Этап у развіцці, здзяйсненні чаго‑н. Ступень развіцця прадукцыйных сіл. ▪ Камунізм — гэта вышэйшая ступень грамадскага развіцця. «Звязда». Ішоў [Васіль Іванавіч] са ступенькі на ступеньку, ад малога да большага, ад непрыкметнага чалавека да выдатнага дзеяча. І кожная ступенька супадала з тымі вялікімі ступенямі, якія праходзіла і ўся краіна. Лынькоў.

3. (з прыназоўнікамі «у», «да» і азначэннем). Мера праяўлення якой‑н. якасці, дзеяння і пад. У значнай ступені. Да некаторай ступені. ▪ Усё, што гаварыў Ладынін, было ў нейкай ступені папрокам яму, і .. [Максім] разумеў гэта. Шамякін. [Фрося:] — Не баюся тваіх сабак. Я ўжо цкаваная... Гэта «не баюся» давяло лесніка да самай вышэйшай ступені нечалавечага гневу. Бядуля.

4. (у спалучэнні з лічэбнікам). Разрад, падраздзяленне ў структуры чаго‑н. Дыплом першай ступені. ▪ Шаўчук, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені, адпушчаны дахаты. Брыль. // Стадыя (пра апёк, абмарожванне). Апёк першай ступені. // Узровень, на якім знаходзіцца хто‑, што‑н., якога дасягнуў хто‑н. Балада «Смерць Маланні» ўзняла паэта на новую ступень глыбокага пранікнення ў псіхалогію савецкага чалавека. «ЛіМ». // Мяжа, граніца чаго‑н. Вісарыён .. прадоўжваў работу ва ўмовах поўнай канспірацыі. Гэта была вышэйшая ступень суровай школы падпольшчыка-бальшавіка. Самуйлёнак.

5. Вучонае званне. Прысудзіць ступень доктара навук. ▪ [Рыгор:] — І дысертацыю напішу... Толькі такую, каб ніхто не мог мяне ўпікнуць, што я толькі ступень атрымаць імкнуся. Арабей.

6. У музыцы — кожны гук музычнага гукарада, тэмы, ладу.

7. У матэматыцы — здабытак роўных сумножнікаў. Ікс у пятай ступені.

8. Частка састаўной ракеты, якая забяспечвае яе палёт на пэўным участку траекторыі і аддзяляецца пасля выгарання паліва, што знаходзіцца ў ёй. Нямала панайшло дзяцей, Глядзяць у захапленні: Ракета на вачах расце, Гатовы дзве ступені. Калачынскі.

9. мн. ступе́ні, ‑ей; ж. і ступяні́, ‑ёў; м. Абл. Ступні. Ступені яе [Гертруды] ног былі ўжо спрэс у крыві. Чорны. Вялікія, плоскія сляды сымонавых ступянёў чарнелі на .. [снезе]. Кулакоўскі. // След. [Лукаш:] — Во, глядзіце, сляды, — і ён паказаў гаспадыні ступяні ад сваіх жа ног. Лобан.

•••

Вышэйшая ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая называе якасць, уласцівую гэтаму прадмету ў большай меры, чым іншаму.

Звычайная ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая з’яўляецца зыходнай пры супастаўленні з вышэйшай і найвышэйшай.

Найвышэйшая ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая абазначае вышэйшую ступень якой‑н. якасці.

Ступені параўнання — формы якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якія выражаюць якасць прадмета безадносна да яго меры (звычайная ступень) або параўнальна большую ці самую высокую меру якасці (вышэйшая і найвышэйшая ступень).

Ступень сваяцтва — від сваяцкіх адносін паміж членамі аднаго роду.

Да такой ступені — настолькі, так.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)