Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сервіту́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сервітуту. Сервітутныя землі. □ вёскі Красны Бераг ужо даўно судзяцца з адміністрацыяй князя Радзівіла за сервітутную пашу. Колас.

сердава́ць, сярдую, сярдуеш, сярдуе; незак.

Адчуваць раздражненне, гнеў на каго‑, што‑н.; быць у стане раздражнення, гневу. [Турсевіч:] — Ты, Андрэйка, не гневайся і не сярдуй на мяне. Колас. І сердаваў Мікола, знесці не мог гэткае несправядлівасці. Нікановіч. Маці тады хмурылася, і Малы Васілька ніяк не мог зразумець, чаму яна сярдуе на бацьку. Быкаў.

сердалі́к, ‑у, м.

Мінерал, каштоўны камень бледна-ружовага, чырвонага ці аранжавага колеру; разнавіднасць халцэдону. Але падкраўся коўш магутны, Калі світанкам мора спала — Сарваў з чала блакітнай бухты Карону з сердалікаў і апалаў. Арочка.

[Ад грэч. sárdion.]

сердалі́кавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сердаліку. Сердалікавы промысел. // Зроблены з сердаліку, з сердалікам. Сердалікавы пярсцёнак.

се́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Разм. Сера. Коўзаецца па карабку запалка, здзірае з карабка паперку, што намазана серкаю, і не загараецца. Галавач.

серкава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць серкаватага.

серкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і серысты. Серкаваты свінец.

серна...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «серны», напрыклад: сернакіслы.

сернава́цісты, ‑ая, ‑ае.

Уст. Тое, што і тыясерны. Сернавацістая кіслага.

сернакісло́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сернай кіслаты, яе вытворчасці. Сернакіслотны завод.