сельсаве́т, ‑а, М ‑веце, м.
1. Сельскі Савет. Бывае, што ў роздумах успамінаецца той час, калі мой бацька быў першым у гэтых месцах старшынёй сельсавета. Кулакоўскі. // Будынак, дзе знаходзіцца сельскі Савет. [Людзі] збіраліся ля старога дома ў садзе, дзе быў сельсавет. Чорны.
2. Частка раёна, якая знаходзіцца ў веданні сельскага Савета. Аўгіння пабыла да сябе павагі не толькі ў роднай вёсцы, але ва ўсім сельсавеце. Бядуля.
сельсаве́тчык, ‑а, м.
Разм. Работнік сельскага Савета. З-за стала сельсаветчык гаворыць сходу: — Збіраецеся вы ўжо колькі раз. Трэба вырашыць, як зрабіць, ці ў калектыў пойдзеце, ці ўсе за хутары свае крычаць будзеце яшчэ. Галавач.
сельсаве́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сельсавета, належыць яму. Даведка была падпісана слабадскім старастам і заверана сельсавецкай пячаткай. Сабаленка.
сельскагаспада́рчы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сельскай гаспадаркі, звязаны з ёю. Сельскагаспадарчыя культуры. Сельскагаспадарчыя шкоднікі. // Які атрыманы ад сельскай гаспадаркі. Сельскагаспадарчыя прадукты. Сельскагаспадарчая сыравіна. // Які займаецца перапрацоўкай прадуктаў сельскай гаспадаркі. Сельскагаспадарчая фабрыка. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Сельскагаспадарчая вытворчасць. // Які выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Сельскагаспадарчая тэхніка.
2. Які адносіцца, звязаны з формамі кааперавання ў сельскай гаспадарцы. Сельскагаспадарчая кааперацыя.
3. Звязаны з землекарыстаннем, з развіццём сельскай гаспадаркі; аграрны. Сельскагаспадарчая краіна.
•••
Сельскагаспадарчая арцель гл. арцель.
Сельскагаспадарчая камуна гл. камуна.
се́льскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сяла. Сельская школа. Сельская электрастанцыя. Сельская гаспадарка. // Які жыве і працуе ў сяле, вёсцы. Сельская інтэлігенцыя. Сельскі карэспандэнт. // Уласцівы сялу, вёсцы, жыхарам сяла, вёскі. Сельскія звычаі. Сельскі ўклад жыцця. □ І твар Лявона быў звычайны — твар сельскага жыхара: абветраны, цёмна-карычневы, нібы выразаны з альховага карча. Шашкоў. // Які мае адносіны да кіравання і самакіравання сяла. Сельская абшчына. Сельскі сход. □ Гаспадар хаты, сельскі стараста, пісаў у хаце на кавалачку сіняй паперы загад. Чорны. З учарашняга дня дзядзька Якуб — старшыня. □ Санька — сакратар новай улады: сельскага Савета. Якімовіч.
2. Які знаходзіцца за горадам, не гарадскі. Сельская мясцовасць. // Уласцівы такой мясцовасці. Сельская прырода. Сельская цішыня.
се́льтэрскі, ‑ая, ‑ае.
У выразе: сельтэрская вада — мінеральная саляна-вуглякіслая вада. // у знач. наз. се́льтэрская, ‑ай, ж. Тое, што і сельтэрская вада.
[Ад назвы крыніцы ў сяле Selters у Германіі.]
селядзе́ц, ‑дца, м.
1. Марская рыба сямейства селядцовых, якая ўжываецца ў ежу ў салёным ці вэнджаным выглядзе. Селядзец быў тлусты, сакавіты, мяккі і духмяны. Новікаў. На стале стаялі прыгатаваныя селядзец з гарнірам, а поруч міска з гарачай сопкай бульбай, марынаваныя грыбы, кількі, шпроты, чорная ікра, фаршыраваная рыба, цяляціна, дамашняя свіная каўбаса, ад якой пахла ядлоўцам, паляндвіца і шмат іншай закускі. Гурскі.
2. Абл. Шабля. У земскага торгаюцца бровы, ён хапаецца рукою за свой «селядзец». Якімовіч.
•••
Як у бочцы селядцоў — пра вялікую колькасць людзей у цесным памяшканні.
селядзе́чніца, ‑ы, ж.
Талерка прадаўгаватай формы, у якой падаецца на стол селядзец.
селядзе́чны, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы селядцу. Селядзечны пах. // Прыгатаваны з селядцоў. Селядзечны паштэт.