раскалма́ціцца, ‑мачуся, ‑мацішся, ‑маціцца; зак.
Зрабіцца калматым; раскудлаціцца. Выгляд .. [жанчын] быў далёка не кірмашовы: з галоў паз’язджалі хусткі, валасы раскалмаціліся... Ваданосаў.
раскалма́ціць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; зак., каго-што.
Зрабіць калматым; раскасмаціць. Раскалмаціць валасы.
раскалма́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад раскалмаціць.
раскалма́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да раскалмаціцца.
2. Зал. да раскалмачваць.
раскалма́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да раскалмаціць.
раскало́цца, ‑калюся, ‑колешся, ‑колецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раздзяліцца, разваліцца на часткі ад удару або ціску, даць трэшчыну. Раскалолася, як цацачная, і рухнула каменная лазня, выбуховай хваляй скінула з рэек вагон. Навуменка. Лёдавая паверхня мора раскалолася і была падобна на панцыр гіганцкай чарапахі. Бяганская. / у перан. ужыв. І раптам увесь гэты гарачы і ясны дзень раскалоўся ад свісту. Чорны.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Распасціся на дзве або некалькі груп у выніку рознагалоссяў. Свет раскалоўся на два лагеры. □ Народніцтва раскалолася на прыхільнікаў і праціўнікаў палітычнай барацьбы. «Полымя».
3. перан. Разм. Выдаць, расказаць тайныя, сакрэтныя звесткі. Спачатку [Косцік] хацеў падгаварыць і Воўку, каб разам .. ісці ў лес, потым перадумаў. Воўку — не. Скнара ён і размазня. Зловяць немцы, прыціснуць Воўку, ён і расколецца. Арабей. Пан Мазурэцкі глядзеў на Рыгора і думаў сабе: «Гэты расколецца, нідзе дзенецца». Сабаленка.
раскало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., што.
1. Ударыўшы чым‑н., раздзяліць, разваліць на часткі. [Гушка] запаліў у сенцах газоўку і раскалоў пень на дзве плашкі. Чорны. Але маланка нарабіла бяды. На сядзібе МТС раскалола стары дуб і кантузіла механіка Сяргея Касцянка. Шамякін. / у перан. ужыв. Начную цішыню, як раскат грому, раскалоў стрэл. Чарнышэвіч.
2. перан. Раз’яднаць, унёсшы рознагалоссі, супярэчнасці. Капіталізм усялякімі сродкамі імкнецца раскалоць адзінства працоўных, якое ўрэшце становіцца прычынай яго гібелі. Хромчанка. З мэтай раскалоць інтэрнацыяналістаў лагернае начальства зрабіла чыстку, і камуністычнае ядро з былых камандзіраў і камісараў было вывезена ў лагер з больш строгім рэжымам. Кухараў.
раскало́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад раскалаціць.
раскало́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да раскалаціць.
раскалупа́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад раскалупаць.