пу́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Памянш. да пуга; невялікая пуга. Чаго Гарвась не рабіў — і за аброць коней браўся весці, і сам памагаў ім, і пужкаю лупцаваў — не зрушыліся коні. Сачанка.
пужлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць пужлівага; палахлівасць, страх. Мне чамусьці падабалася Хведарава пужлівасць. Асіпенка. Неспадзеўкі, пужлівасць, нейкая вінаватая ўсмешка разам адбіваліся на.. [Ядвісіным] твары. Колас.
пужлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які лёгка і скора пужаецца; палахлівы. Дзядзькаў дом глынуў тады яго [Язэпа], маленькага, пужлівага. Бядуля. Дзяўчаткі пужлівыя, хлопцы нязграбныя, І хмель веснавы на гарачых губах! Панчанка. // У якім выражаецца страх, спалох. [Ліда] памятала толькі.. [Паўлаў] пужлівы шэпт, баязлівы позірк і мітуслівыя рухі. Васілевіч. // Уласцівы таму, хто пужаецца, палохаецца. Хлопчык слухаў у здзіўлены, Вочы кідаў на карчы, а ў пужлівым уяўленні Ўсталі чэрці-рагачы. Колас.
•••
Не з пужлівага дзесятка гл. дзесятак.
пужну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Аднакр. да пужаць (у 2 знач.).
2. Прыстрашыць, прыпужнуць. [Жагула:] Я ўзяў стрэльбу, разы два пужнуў, то .. [сабакі] і супакоіліся. Крапіва. Зубра ж не чуваць. Пужнуў ад сябе назолу-чалавека і, пэўна, застаўся стаяць у сваёй велічнай адзіноце. Шамякін.
пу́за, ‑а, н.
Разм.
1. Жывот чалавека або жывёліны. Умее .. [трактарыст] і на пузе поўзаць, і дагары паляжаць пад трактарам, калі спатрэбіцца. Ермаловіч. Ромка цаляе ў голае Петрыкава пуза вадою з конаўкі, не трапляе, і хлопчык аж заходзіцца ад вясёлага, дураслівага рогату. Місько. Лёд трэснуў, і ў чорнай палонцы паказалася белае пуза рыбіны. Ігнаценка. / у перан. ужыв. Шэрым пузам душаць хмары Поля нудныя абшары. Крапіва. З-пад белага, бліскучага пуза самалёта раптам папоўз чорны дым. Асіпенка.
2. пагард. Пра вялікі, тоўсты жывот у чалавека. Круглае пуза так далёка выдавалася ўперад, што пэўна пан не бачыў за ім сваіх кароценькіх ножак. Колас.
•••
Ад пуза — уволю, удосталь (наесціся, напіцца і пад.).
пуза́н, ‑а, м.
Разм. Пра чалавека з вялікім пузам. Рогат узмацняўся, узвізгі жанчын, хрыплы, як брэх, рогат фрачных пузаноў, інтэлігентнае хіхіканне больш далікатных асоб рознага роду заглушылі спачатку аркестр. Самуйлёнак. — Стой, пузан, а то выстралю! — крыкнуў на бягу дзед. Лынькоў. // Пра малое тоўстае дзіця. Як многа ў мяне сыноў — Гарластых пузаноў, Зацесных паўзуноў! Адзін дзіцячы сад — Уся зямля. Бічэль-Загнетава.
пузано́к, ‑нка, м.
Прамысловая рыба сямейства селядцовых з кароткім тулавам і вялікім жыватом.
пуза́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. З вялікім жыватом, пузам. Ля камбайна, акрамя Шапавалава і Пятра,.. [Касцянок і Баранаў] убачылі старшыню калгаса Махнача, нізкага і пузатага чалавека з шырокім чырвоным тварам. Шамякін. Тут быў таран, мянёк пузаты, Шчупак, лінок, акунь, карась. Колас.
2. перан. Нізкі і шырокі, з пукатымі, акруглымі бакамі (пра прадметы). Пузаты чыгун. Пузаты партфель. □ Гаспадыня ўсё-такі злезла з печы, бразнула засланкай і выцягнула пузаты паліваны гарлачык, на якім трошкі прыгарэла жоўтая плеўка. Сабаленка. Рыма трымала ў руках баравік і абразала белы пузаты корань. Васілеўская.
пузы́р, ‑а, м.
1. Напоўнены паветрам або газам шарык, які ўтвараецца ў вадкасці або ў вадкай масе. Пузыры ў шкле. Пузыры ў цвеце. □ На месцы.. [варонак] б’е з-пад нізу вада,.. бугрыцца і так жа раптам знікае, пакінуўшы на паверхні празрыстыя пузыры, якія ледзь паспяваюць за быстрынёй. Лынькоў.
2. Балючае ўздуцце скуры (ад апёку, трэння і пад.), пустое або напоўненае вадкасцю; пухір. Далоні, нацёртыя тронкам, зачырванеліся, на іх выскачылі вадзяныя пузыры. Васілевіч.
3. Мяшок, шар у целе жывёлы або чалавека, які звычайна змяшчае ў сабе якую‑н. вадкасць. Мачавы пузыр. Плавальны пузыр. Жоўцевы пузыр.
4. Гумавы мяшок, напоўнены лёдам, халоднай або гарачай вадой, які прымяняецца з лекавымі мэтамі. Люба ўсміхнулася зноў-такі з іроніяй і паправіла пузыр з лёдам на галаве хворага. Шамякін.