нераўнапра́ўнасць, ‑і, ж.
Стан нераўнапраўнага.
нераўнапра́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае няроўныя правы з кім‑, чым‑н., пазбаўлены раўнапраўя. Нераўнапраўны дагавор. Нераўнапраўнае становішча. □ Дзеля выратаванне сацыялістычнай рэвалюцыі Савецкі ўрад падпісаў цяжкі, нераўнапраўны Брэсцкі мір. «Полымя».
нераўня́, ‑і, м. і ж.
Пра чалавека, няроўнага з іншымі ў якіх‑н. адносінах. [Драздовіч:] — Ёсць тут яшчэ адзін наш зямляк. Таксама аграном, але нераўня Павалковічу. Машара.
нерацыяна́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нерацыянальнага.
нерацыяна́льны, ‑ая, ‑ае.
Пазбаўлены рацыянальнасці. Нерацыянальныя перавозкі. Нерацыянальная загрузка транспарту. Нерацыянальнае выкарыстанне сродкаў.
нерашу́часць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан нерашучага; адсутнасць рашучасці. Мішурын пастаяў у нерашучасці і пасля пачаў паволі збірацца ў дарогу. Чорны. [Мучаідзе] праявіў нерашучасць толькі таму, што не быў у дастатковай меры смелым. Самуйлёнак.
нерашу́чы, ‑ая, ‑ае.
Такі, якому не ўласціва рашучасць. Нерашучы чалавек. □ [Трахім Лявонавіч:] — У маім уяўленні вы заўсёды былі той самай нерашучай, сарамлівай Анютай, якой я вас ведаў раней. Корбан. // Які выражае адсутнасць рашучасці, сведчыць аб нерашучасці. Нерашучы характар. □ З глыбіні залы пачуўся нерашучы голас. Мехаў.
нерв, ‑а, м.
1. Тонкае валакно, якое ў выглядзе адростка адыходзіць ад галаўнога і спіннога мозга і з’яўляецца састаўной часткай разгалінаванай сістэмы, здольнай служыць сродкам кіравання дзейнасцю арганізма. Зрокавы нерв. Блукаючы нерв. □ Шафёр і старшыня ехалі моўчкі. Пасля розных клопатаў у Мінску кожны нерв адпачываў сам сабою. Пестрак. Сашу быццам ударыла токам — скалануўся, уздрыгнуў кожны нерв. Шамякін. // Спец. Жылка ў лісцях раслін і крылах насякомых.
2. толькі мн. (не́рвы, ‑аў). Сістэма такіх валокнаў, якая вызначае дзейнасць арганізма, стан і паводзіны чалавека. Нервы, нарэшце, не вытрымалі.. Хваляванне, напружанасць усіх гэтых дзён раптам далі сябе адчуць, і Чыжык заплакаў. Лупсякоў.
3. перан. Цэнтр якой‑н. дзейнасці, асноўная дзейная сіла чаго‑н. Нёман быў пер вам сяла, які будзіў яго жыццё. Колас.
•••
Выматаць усе нервы гл. выматаць.
Іграць на нервах гл. іграць.
Трапаць нервы гл. трапаць.
[Лац. nervus — жыла, сухажылле.]
нервава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. нерваваць і нервавацца.
нервава́цца, нервуюся, нервуешся, нервуецца; незак.
Быць ва ўзбуджаным, нервовым стане; хвалявацца, злавацца. Бабейка нерваваўся — сківіцы ў яго ўздрыгвалі, з вуснаў вось-вось павінны былі сарвацца словы. Хадкевіч. Немцы нерваваліся, лезлі з ходу да рэчкі, насыпалі ўзлессе мінамі. Пташнікаў.