незасе́яны, ‑ая, ‑ае.
Не заняты пасевамі. Адсюль, ад узгорка, на ўсход пачыналася вялізнае незасеянае і неўзаранае поле — месца для новага завода. Сапрыка.
незаслу́жаны, ‑ая, ‑ае.
Атрыманы не па заслугах. Незаслужаная ўзнагарода. // Несправядлівы. Сэрца ў Веры сціснулася ад незаслужанай крыўды. Паслядовіч.
незатуха́льны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які не гасне, не затухае. Незатухальнае полымя. // перан. Такі, што не слабне, не спыняецца. Ішлі незатухальныя баі.
•••
Незатухальныя хістанні (спец.) — у фізіцы і радыётэхніцы — хістанні з пастаяннай амплітудай.
незаўва́жаны, ‑ая, ‑ае.
Які не звярнуў на сябе ўвагі; якога не ўбачылі, не выявілі. Імкнучыся прайсці незаўважаным, Змітрок звярнуў за вугал, але Анатоль дагнаў яго. Ваданосаў. [Дазорныя] ляжалі незаўважаныя аж да таго часу, пакуль не разгледзелі знаёмых партызан. Шчарбатаў.
незаўва́жна, прысл.
Разм. Непрыкметна, неўзаметку. Неўзабаве адзін з самалётаў прабег па зямлі, незаўважна адарваўся і знік у ледзь прасветленай прасторы. Кавалёў. За працай незаўважна пралятаў дзень. Асіпенка.
незаціка́ўленасць, ‑і, ж.
Стан незацікаўленага; адсутнасць інтарэсу, цікавасці да чаго‑н.
незаціка́ўлены, ‑ая, ‑ае.
1. Які не выяўляе цікавасці, увагі да чаго‑н.
2. Не звязаны матэрыяльнымі інтарэсамі з якой‑н. справай. Незацікаўленая асоба.
незачэ́па, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Тое, што і недатыка. — Адкуль вы ўзяліся такая? Гм... — ён [камендант] яўна падбіраў патрэбнае слова. — Ну, як бы сказаць? Суровая... незачэпа такая? Лынькоў.
незачэ́плены, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога не парушалі, якому не прычынялі шкоды; цэлы.
незваро́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць незваротнага.