неадво́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неадвольнага.
неадво́льны, ‑ая, ‑ае.
Які ўзнікае, адбываецца бескантрольна, незалежна ад волі і свядомасці. Неадвольная ўвага. Неадвольныя рухі.
неадвя́зны, ‑ая, ‑ае.
Неадступны, неадчэпны. Неадвязная думка. □ Не падабаліся.. [Любе школьныя парадкі]. Строгі дырэктар гімназіі. Неадвязныя класныя назіральніцы і неахайны манастырскі поп. Мурашка.
неаддзе́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неаддзельнага.
неаддзе́льны, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога нельга аддзяліць ад другога. Лабановіч-чалавек і Лабановіч-настаўнік неаддзельны, як і неаддзельны ў ім сэрца і кроў, нервы і рух. Перкін. Камбінат стаў для сотняў крушынцаў неаддзельным ад іхняга жыцця. Мікуліч.
неад’е́мны, ‑ая, ‑ае.
Які з’яўляецца састаўной, арганічнай часткай каго‑, чаго‑н.; неадрыўны. Кожнае «я» ў тэатры неад’емная частка калектыву. Сяргейчык. Літаратура становіцца кроўнай народнай справай, неад’емнай часткай будаўніцтва новага жыцця. Пшыркоў. // Арганічна ўласцівы каму‑, чаму‑н. Гуманізм, чалавекалюбства — неад’емная якасць савецкіх людзей. Кудраўцаў. Пад высокімі драбналістымі акацыямі ўзвышалася падобная на лакамабіль летняя печка — неад’емны атрыбут тутэйшых і хутарскіх і станічных двароў. Чыгрынаў.
неадзе́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае на сабе адзення; голы.
2. Дрэнна адзеты або адзеты не па сезону.
неадкла́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неадкладнага.
неадкла́дны, ‑ая, ‑ае.
Які нельга адкласці; тэрміновы. Шаманскі пераканаўся, што першай і неадкладнай задачай з’яўляецца ўмацаванне дысцыпліны, павышэнне працоўнай актыўнасці. Дуброўскі. // Які ажыццяўляецца без затрымкі, адразу. Неадкладная дапамога.