Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

знаццё, ‑я, н.

Разм. (звычайна са словамі «каб жа»). Веданне, прадбачанне. Ігнат вінавата ўсміхнуўся: — Каб жа знаццё, то і сам бы нешта прыдумаў. Чыгрынаў. Каб жа знаццё, што будзе такое, няхай бы Казік, шалахвост гэты, заставаўся адзін. М. Стральцоў.

знаць 1, знаю, знаеш, знае; незак., каго-што.

1. Тое, што і ведаць (у 1–5, 7 і 8 знач.). Я знаю: будзе ўсюды шчасце, Калі праклён спрадвечны свой Народы скінуць, каб прыпасці Да праўды Леніна святой. Панчанка. Сымоніха хоча ўсё знаць-ведаць, што робіцца ў Лявоніхі. Бядуля.

2. інф. у знач. вык. Уст. Відаць, можна заўважыць. Сляды былі знаць: снег ляжаў буграмі, там, дзе стукалі нядаўна ногі. Пташнікаў.

3. у знач. пабочн. Значыцца, значыць, відаць. Эй, доля! Колькі мы разоў Прасілі, клікалі цябе; Не йдзеш! Знаць, хтосьці з свету звёў, Ці хлеба мала ў нас табе? Купала.

•••

Даць аб сабе знаць гл. даць.

Даць знаць гл. даць.

Знаць меру — тое, што і ведаць меру (гл. ведаць).

Знаць не знаю — аб поўнай недасведчанасці ў чым‑н.; аб нежаданні прызнацца ў чым‑н.

Знаць сваё месца — тое, што і ведаць сваё месца (гл. ведаць).

Не знаць не ведаць — без прычыны, ні з таго ні з сяго, зусім невядома.

Не знаць, куды (дзе) вочы дзець (падзець) — тое, што і не ведаць, куды (дзе) вочы дзець (падзець) (гл. ведаць).

Не знаць, куды (дзе) рукі дзець (падзець) — тое, што і не ведаць, куды (дзе) рукі дзець (падзець) (гл. ведаць).

Не знаць, куды (дзе) сябе дзець (падзець) — тое, што і не ведаць, куды (дзе) сябе дзець (падзець) (гл. ведаць).

Як знаеш — як хочаш.

знаць 2, ‑і, ж.

Вышэйшы слой пануючага класа ў буржуазна-дваранскім грамадстве. Духоўная знаць. Ваенная знаць.

зна́чанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. значыць ​1.

зна́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад значыць ​1.

2. у знач. прым. Які мае на сабе які‑н. знак; мечаны. Значанае дрэва.

значкі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто атрымаў, заслужыў права насіць які‑н. значок. Значкіст ГПА.

значкі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да значкіст.

зна́чна, прысл.

1. Прысл. да значны (у 1, 2 знач.).

2. (пры выш. ст.). У большай ступені, меры; многа. Алесь бегаў на каньках значна лепш, чым на лыжах. Шыцік.

зна́чнасць, ‑і, ж.

1. Значная велічыня, вялікі намер і пад. Значнасць адлегласці. Улічыць значнасць сіл ворага.

2. Важнае значэнне; важнасць. Вялікія поспехі беларускай прозы ў 20‑я гады тлумачацца яе глыбокай жыццёвасцю і грамадскай значнасцю. Пшыркоў. [У дэкадэнтаў] цяга да вобразаў магіл, імглы, туману была ўвогуле адмаўленнем значнасці жыцця, сімвалам яго бязмэтнай марнасці. Лойка.

зна́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі намерам, колькасцю, сілай і пад. Значная частка. У значнай ступені. □ Малыя варожыя заслоны, якія трапляліся на шляху, — знішчалі [байцы]. Ад сустрэчы са значнымі сіламі ворага ўхілялася, заходзілі глыбей у лясы. Шамякін. Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, .. тым болей, што для гэтага трэба зрабіць значны крук. Колас.

2. Важны па значэнню; істотны. Значныя падзеі. Значная роля. □ Астаючыся верным сабе, Кашын не прапускаў ніводнага больш-менш значнага сходу. Карпаў. // Разм. Які займае высокае становішча ў грамадстве; уплывовы. Ну, калі ўжо сам таварыш Верашчака... — прамовіў я такім тонам, быццам мне вельмі добра было вядома, якая гэта значная птушка — Верашчака. Васілёнак.

3. Разм. Бачны, прыметны. Вусны дзедавы складаліся ў ледзь значную ўсмешку. Крапіва.

значо́к, ‑чка, м.

1. Металічная пласцінка прамавугольнай, круглай або іншай формы з пэўным адбіткам, якую носяць на грудзях як знак прыналежнасці да той ці іншай арганізацыі, катэгорыі людзей, у памяць аб якой‑н. падзеі і інш. Камсамольскі значок. Універсітэце значок.

2. Фігура, чарцёж, малюнак з умоўным значэннем. Друкарскі значок. // Умоўная паметка. — Чакай, — затрымаў .. [Сяргея] Юрка. — Калі з хутара хто-небудзь пойдзе, я таксама пайду ўслед. Па дарозе буду чарціць палкай рымскія пяцёркі. Па гэтых значках і шукайце мяне. Курто.