Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зве́сці, звяду, звядзеш, звядзе; звядзём, зведзяце; пр. звёў, звяла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Дапамагчы каму‑н. або прымусіць каго‑н. сысці ўніз. Звесці каня з гары. Звесці старога з лесвіцы.

2. Перавесці, адвесці на другое месца. Мужык выпраг каня, звёў убок, а воз пакінуў на дарозе. Якімовіч. // перан. Перавесці (размову, думкі) з адной тэмы на другую. Звесці сур’ёзную размову на жарт. □ [Наталля] старалася звесці.. думкі на другое. Чорны.

3. Дапамагчы каму‑н. сустрэцца, убачыцца, пазнаёміцца з кім‑н. — Трэба звесці яго з Якавам, няхай пазнаёміцца. Чарнышэвіч. Гэты паход у лес мы прыдумалі не толькі для таго, каб нарваць лапак і ўпрыгожыць сваю школу, мы хацелі як-небудзь звесці Славу з Веранікай. Навуменка.

4. Наблізіць адно да другога; ссунуць. Паненка строга звяла бровы, і я адразу адчуў, што неўзабаве атрымаю пад бок. Бажко. [Няміра:] У пана — во [зямлі]! (развёў як мог шырока рукі з выстаўленымі далонямі), а ў мужыка — во! (звёў цесна далоні і апусціў галаву). Чорны.

5. Зрабіць нерухомым, анямелым; сцягнуць, сагнуць. Сутарга звяла ногі. / у безас. ужыв. Ад нязручнага сядзення звяло спіну.

6. Сабраць у адно месца. Звесці дзяцей у зал. □ Як звалі гэтых гнедак ды сівак у адну канюшню — стала многа аднолькавых. Брыль.

7. Саставіць адзінае цэлае з асобных частак, адзінак і пад. Звесці палкі ў дывізію.

8. Нацкаваць адзін на другога, прымусіць пабіцца, пакусацца (пра жывёл, птушак). Звесці сабак. Звесці пеўняў. // перан. Падбухторыць да сваркі, спрэчкі, бойкі. Наперадзе стаяла некалькі чалавек, якія борзда ўмелі звесці Сымона з Міколам. Колас.

9. Прывесці да якога‑н. агульнага выніку; абагуліць. Большасць слоў нашай мовы мнагазначна. Але колькі б значэнняў слова ні мела, заўсёды іх можна звесці да аднаго агульнага значэння, якое звязвае ў адно семантычнае цэлае ўсе астатнія. Юргелевіч.

10. Знішчыць, перавесці. — Дык .. раней, пры тваім старшынстве, мы ледзь і канюшыну не звялі. Пянкрат. — Каб нам не звесці агню, — трывожыўся Мірон. — Можа, па чарзе пільнаваць. Маўр. // Зрасходаваць, страціць (звычайна без карысці). А дзе ж той банк? — карціць пытанне, Так правандруеш да змяркання, А сам туды не пападзеш І толькі дзень дарма звядзеш. Колас. У злаваўся наш тата. — Ну іх, — кажа, — з шаптухамі! Толькі ўсё сала ды крупы звёў. Брыль. // Забіць. [Чыжык] нейкі момант пільна разглядаў сваю ахвяру, думаючы, між іншым, што добра было б і зусім звесці гэтага вартавога, калі толькі ён вораг. Лупсякоў.

11. Збіць з правільнага жыццёвага шляху; схіліць да дрэнных учынкаў. Нялюдская кампанія і добрага звядзе. З нар. // Не выканаць абяцанага; падвесці, падмануць. Некаторыя старэйшыя нават упікалі Грамабоя, што ён звёў [Жагулу], казалі, што сорам так рабіць. Крапіва.

12. Абмежаваць, скараціць; давесці да чаго‑н. нязначнага, малога і пад. Звесці да мінімуму. Звесці шахматную партыю ўнічыю.

•••

Вачэй не звесці — а) не адвесці позірку ад чаго‑н. Мікола наш ідзе за сеялкай. Хлопец вачэй не звядзе — пазірае, як роўненька, як дружна сыплюцца зярняты. Брыль; б) зусім не заснуць. За ўсю ноч і вачэй не звёў.

Звесці вочы — заснуць, задрамаць.

Звесці з п’едэстала — пазбавіць каго‑н. улады.

Звесці канцы з канцамі — а) з цяжкасцю задаволіць жыццёвыя патрэбы, ледзь укласціся ў суму заработку, даходу і пад.; б) справіцца з цяжкасцямі ў рабоце, узгадняючы розныя часткі, злучаючы іх у адно.

Звесці на нішто (да нуля) — пазбавіць усякага сэнсу, значэння.

Звесці рахункі (разлікі) з кім — а) узаемна разлічыцца грашамі; б) адпомсціць каму‑н. за абразу, знявагу.

Звесці са свету каго — загубіць, знішчыць.

Звесці ў магілу (у труну, у дамавіну, на той свет, у зямлю) — тое, што і загнаць у магілу (гл. загнаць).

Звесці ў рожкі — пасварыць каго‑н. з кім‑н.

зве́сціся, звядуся, звядзешся, звядзецца; звядзёмся, зведзяцеся; зак.

1. Перастаць існаваць; знікнуць. Раней тут коз было багата... Ды тая плойма ўся звялася, Так перадохла яна марна. Колас.

2. Страціць сілы, пахудзець. Звёўся чалавек. Не толькі якой працы, і пашпарта яму не давалі, цураліся яго, дурным празвалі. Гарэцкі.

3. да чаго. Абмежавацца, скараціцца; выразіцца ў чым‑н. нязначным, малым і пад. Звялася работа следчага, па сутнасці, да выканання чыста фармальных працэдур — збору прадугледжаных судаводствам дакументаў. Мехаў.

•••

Звесціся на нішто — страціць усякі сэнс, значэнне.

зве́трыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Разм. Ачысціць абмалочанае зерне ад мякіны і смецця на ветры. Зветрыць жыта.

зве́чара, прысл.

Вечарам, да надыходу ночы. Звечара .. [салдат] падганяў коней, быццам спяшаўся прыспець некуды да нейкага пэўнага часу. Лобан. — Варту пастаў, ціхую такую, непрыкметную — асабліва звечара ды ноччу. Скрыган.

звечарэ́ць, ‑эе; безас. зак.

Пра надыход вечара, цемнаты. Ужо даўно звечарэла, і ў хатах усюды свяціліся агні. Колас. Звечарэла, сцямнела неба. Сцішылася вёска, нарыхтавалася спачыць. Пташнікаў.

зве́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад звесіць.

зве́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да звесіцца.

2. Зал. да звешваць.

зве́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да звесіць.

зве́яць, звею, звееш, звее; зак., што.

1. Ачысціць абмалочанае зерне веяннем. Звеяць ячмень. □ — От пайду жыта звею, ды ў млын трэба, а то хлеб са стала ўцякае. Чарнышэвіч.

2. звычайна безас. Скінуць адкуль‑н., знесці куды‑н. Ветрам звеяла касынку з плячэй.

•••

Як ветрам звеяла каго — раптоўна знік адкуль‑н., не стала дзе‑н.

звярзці́ і зве́рзці, звярзу, звярзеш, звярзе; звярзём, зверзяце; пр. звёрз, звярзла і зверзла, звярзло і зверзла.

Зак. да вярзці, верзці.