Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Атрымаць даныя, звесткі аб чым‑н.; пазнаць што‑н. Радасна было ісці ўсё далей і далей, каб зведаць невядомае, убачыць нябачанае. Колас. Мой кут лясны! Я змалку добра зведаў тваю лістоту, зоры і дажджы. Русецкі.

2. Спазнаць на ўласным вопыце, перажыць. Усяго давялося зведаць [Шымкевічам] у дарозе: і голаду, і холаду, і са смерцю нос у нос сутыкацца. Чарнышэвіч. «Рай» гэты аказаўся бяздонным пеклам і, каб выбрацца з яго, трэба было зведаць самую цяжэйшую з чалавечых пакут — жыццё без радзімы... Васілевіч.

зве́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зведаць.

зве́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад звесці.

зве́зці, звязу, звязеш, звязе; звязём, звезяце; пр. звёз, звезла і звязла, звезла і звязло; зак., каго-што.

1. Возячы, даставіць у адно месца (многае, многіх); пазвозіць. Звезці каменне ў кучу. Звезці сена ў стог.

2. Забраўшы, адвезці куды‑н.; перавезці. Мяшкоў не хапала, каб сабраць, звезці з поля тыя жоўтыя, сакавітыя пачаткі, якія вырасціла дружнае звяно. Бялевіч.

3. Везучы, перамясціць зверху ўніз. Звезці бярвенне з гары ў нізіну.

4. Едучы, узяць з сабою; адвезці куды‑н. «Чаму гэта мне нічога не сказалі пра ордэры? Звезлі на рыбу, каб усё прапала», — трывожачыся, падумаў Андрэй. Шахавец. — Пагранічнік Кузьма дэмабілізаваўся і, едучы працаваць у Мінск, звёз з Брэстчыны маладзенькую чарнявую настаўніцу Марыну. Корбан.

зве́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да звеяць.

звекава́ць, звякую, звякуеш, звякуе.

Зак. да векаваць.

зве́ку, прысл.

З даўніх часоў, спрадвеку. — Ці нарадзіўся ў вашай вёсцы хоць адзін вялікі чалавек? — Ды не. У нас звеку нараджаюцца толькі маленькія дзеці. «Вожык». // Зроду, ад нараджэння. Ён звеку глухі.

звелікаду́шнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Зак. да велікадушнічаць.

звенавы́, ‑ая, ‑ое.

Тое, што і звеннявы.

звеннявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да звяна (у 3 знач.). Звеннявы метад. Звеннявы сход.

2. у знач. наз. звеннявы́, ‑ога, м.; звеннява́я, ‑ой, ж. Кіраўнік (кіраўніца) звяна (у 3 знач.). Звеннявы ільнаводчага звяна. Звеннявы піянерскага звяна. □ Іншы раз інжынер падаваў думку, а брыгадзіры, звеннявыя і проста шахцёры разбівалі яе і ажыццяўлялі на практыцы. Кулакоўскі.