Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

звыка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да звыкнуцца.

звыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае;

Незак. да звыкнуць.

звы́кла,

1. Прысл. да звыклы.

2. у знач. вык. Прывычна, добра знаёма. Ваколле лязгае, рыпае. Усё мне тут і знаёма і звыкла. Барадулін.

звы́класць, ‑і, ж.

Уласцівасць звыклага.

звы́клы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўвайшоў у прывычку, стаў прывычкай. Не зводзячы вачэй з глядзельнага шкла, .. [машыніст] звыклым рухам левай рукі насунуў крыху рэгулятар. Васілёнак. — Гамарджо, браты! — сказаў Тарыел, дакранаючыся рукой да павязкі звыклым жэстам, якім ён раней знімаў капялюш. Самуйлёнак. // Прывычны, добра знаёмы. Барыс набіраў тэкст лістоўкі, быццам бы рабіў; самую звычайную, звыклую справу. Новікаў. У той жа дзень часць, у якую ўваходзіў: батальён Шутава, пагрузіла танкі на платформы і пакінула ціхі, звыклы гарадок. Мележ.

2. Які звыкся з чым‑н., набыў прывычку рабіць што‑н. Звыклы да падобных заяў сясцёр, Павел Антонавіч, не спяшаючыся, адвёў вочы ад .. кнігі, павольна падняў галаву і ўважліва праз акуляры паглядзеў на сястру. Васілевіч. Звыклыя да бясконцых дарог ногі, здаецца, не ведалі стомы. Новікаў.

звы́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; пр. звыкся, ‑лася; зак., з кім-чым і без дап.

Прывыкнуць да каго‑, чаго‑н., асвоіцца з кім‑, чым‑н. Паступова я звыкся з думкай, што пісьменніцкая праца будзе асноўнай у маім жыцці. Крапіва. Не лёгка будзе эвакуіраваць Марыю: яна звыклася з калектывам, і з ёй усе тут звыкліся, палюбілі яе. Кулакоўскі. Атрымалі добрую кватэру, звыкліся, прыжыліся. Гроднеў.

звы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. звык, ‑ла; зак., з інф. і дадан. сказам.

Разм. Набыць прывычку рабіць што‑н. пэўным чынам; прывыкнуць. [Клямт] даўно звык моўчкі падпарадкоўвацца старшым. Мележ. [Паненкі] даўно звыклі, каб іх забаўлялі, жартавалі з імі. Колас.

звысо́ку, прысл.

1. Зверху, з вышыні. У гэты ранні час сонца яшчэ не відно было, толькі адны жаўранкі бачылі яго звысоку. Чорны. Бляск месяца бледны, што ззяе звысоку, І сонца, што дорыць жыццёвасць, цяпло... Усё гэта радніцца з жыццём чалавека. Гурло.

2. З пагардай, фанабэрыста. Сухавараў быў адзеты ў парадны мундзір з бліскучымі гузікамі і звысоку пазіраў на ўсіх тутэйшых кавалераў. Колас.

звычаёвы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да звычаю, звязаны са звычаямі. Звычаёвае права.

звы́чай, ‑ю, м.

1. Агульнапрыняты парадак, правіла, якое здаўна ўкаранілася ў быце народа або пэўнай грамадскай групы. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Сіпакоў. Ёй зусім не хацелася хаваць сваёй радасці, але такі ўжо быў звычай: маладой непрыгожа быць на вяселлі празмерна вясёлай... Васілевіч.

2. Прывычны спосаб дзеяння; прывычка. Дубравіна мела звычай неяк нібы нядбала пакідаць на сябе касынку ці шалік. Карпюк. — А я маю звычай пасля абеду шпацыраваць і сядзець не хачу, — і, заклаўшы рукі назад, пачала шпацыраваць па зале. Мядзёлка.