пераганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да перагнаць.
перага́р, ‑у, м.
1. Тое, што перагарэла. Усё нясуць, усё цягнуць той перагар і сыплюць ля сваіх хат і агародаў, каб менш было гразі. Ус.
2. Пах чаго‑н. перагарэлага. У паветры пахла перагарам бензіну і саляркі. Гроднеў. // Непрыемны пах з рота ад вялікай колькасці выпітых спіртных напіткаў. Ад Вадзіла патыхае перагарам гарэлкі і тытунём. Паўлаў.
перагарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Перанесці, перажыць (нястачу, гора). Трэба перабыць, перагараваць гэтыя дні і зрабіць сабе тое, за што можна будзе ўхапіцца, калі цяперашняе гора пройдзе. Чорны.
перагарадзі́цца, ‑раджуся, ‑родзішся, ‑родзіцца; зак.
Аддзяліць сваё памяшканне ад другога перагародкай; адгарадзіцца.
перагарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.
1. Падзяліць памяшканне перагародкай. — Будзе прасторная хата. Калі разжывёмся, можна будзе і перагарадзіць дошкамі, адбіць чыстую палавіну. Галавач.
2. Стварыць перашкоду ўпоперак чаго‑н., спыніць рух на якім‑н. шляху; загарадзіць. Гіганцкая плаціна перагарадзіла, уціхамірыла раку. Курто. Дарогу .. [Лясніцкаму і Таццяне] перагарадзіў глыбокі палявы роў. Шамякін. Шлях узводу перагарадзіў моцны кулямётны і вінтовачны агонь. «Звязда».
перага́рванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. перагарваць — перагарэць.
перагарну́цца, ‑горнецца; зак.
Разм. Аказацца перагорнутым на другі бок (пра старонкі кнігі, лісты і пад.).
перагарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., што.
1. Перавярнуць старонку ці ліст чаго‑н. Маёр моўчкі перагарнуў некалькі старонак справы і сказаў: — Заўтра я сам буду дапытваць. Асіпенка. // Гартаючы што‑н., прапусціць патрэбную старонку, ліст. // перан. Разм. Прачытаць што‑н. бегла, збольшага.