гарба́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае горб (у 1 знач.). Расказвалі, што калісьці на месцы Чорнага возера стаяў вялізны палац, у якім жыў гарбаты князь. Шашкоў. // у знач. наз. гарба́ты, ‑ага, м.; гарба́тая, ‑ай, ж. Гарбун. Гарбатага толькі магіла выправіць. Прыказка.
2. Выгнуты, з гарбінкай. Гарбаты серп. □ Гарбаты тонкі нос падкрэсліваў рашучасць характару гэтага чалавека. Самуйлёнак.
гарбаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Станавіцца гарбатым. Цень то выпростваўся, большаў, то смешна гарбацеў, перарываўся, калі я ступаў у якую-небудзь калдобіну ці разору. Сачанка.
гарба́ціцца, ‑бачуся, ‑бацішся, ‑баціцца; незак.
Разм. Тое, што і горбіцца. З усіх бакоў унізе віднеліся шэра-рудаватыя будынкі, вуліцы і вулачкі, за якімі гарбаціліся рудаватыя, абпаленыя сонцам горы. Мележ.
гарба́ціць, ‑бачу, ‑баціш, ‑баціць; незак., што.
Разм. Тое, што і горбіць. Гарбаціць спіну.
гарбе́ль, ‑бяля, м.
Пагард. Пра гарбатага чалавека.
гарбе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Разм. Старанна, настойліва працаваць, займацца чым‑н.; карпець. [Кірыл] збіраўся забагацець, выбіраючыся на гэты хутар .. Думаў, што яго працавітыя рукі ды здароўе зробяць тут залатое дно. Аж от пятнаццаць год ужо, як гарбее тут, а спадзяванні і асталіся спадзяваннямі. Скрыган.
гарбі́на, ‑ы, ж.
Выпукласць, акруглены выступ на чым‑н. Абшары балот змушалі людзей цесна сяліцца на гарбінах пясчаных выспаў, каб мець больш сухой зямлі пад пасевы. Дуброўскі. У сініх гарбінах гор, што цямнелі наводдаль.., збіраліся, дымячыся, навальнічныя хмары. Мележ.
гарбі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Памянш. да гарбіна; маленькая гарбіна. Нос з гарбінкай. □ Кожная грудка лёду, кожны парог — гарбінка, выступ зямлі, узгорачак становяць .. [ручайкам] замінкі.. ў іх імклівым руху. Колас.