Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вар’я́т, ‑а, М ‑р’яце, м.

1. Псіхічна хворы чалавек. Хто цяпер пашкадуе залатаных стрэшак? Хіба толькі вар’ят або вораг які. Дудар.

2. Лаянк. Той, хто дзейнічае безразважна; шалёны; дзівак. [Вольга Сцяпанаўна:] — Ну, дай жа ты дзіцяці казку паслухаць! Добры бацька сам расказаў бы, а ён і паслухаць не дае. Вось вар’ят ужо! Колас.

вар’я́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да вар’ят.

вар’яце́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. вар’яцець.

вар’яце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Траціць розум, даходзіць да псіхічнага расстройства.

2. перан. Бурна і хаатычна праяўляцца. Громы з перунамі вар’яцелі, зліваючыся ў адну суцэльную кананаду. Якімовіч. Вар’яцеў.. Сож. Шалела завіруха, Маланкі бліскалі, а дождж, А град сек доўга, глуха. Куляшоў.

вар’я́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы вар’яту; такі, як у вар’ята. Вар’яцкі смех. Вар’яцкія вочы. □ [Іван] прахапіўся адразу і ў тое ж імгненне пачуў недарэчны вар’яцкі крык. Быкаў.

2. Неразумны, шалёны; дзікі. Вар’яцкія ідэі, планы.

3. перан. Разм. Які характарызуецца крайняй ступенню праяўлення, выключны (па сіле, велічы, напружанасці). Вар’яцкая злосць. □ Мы перамаглі буру, вар’яцкую сілу стыхіі і хутка паднімем парус зваротнага плавання. Гамолка.

вар’я́цтва, ‑а, н.

1. Страта розуму, стан псіхічнага расстройства.

2. Безразважнасць, неразумны ўчынак; недарэчнасць. [Вайтовіч:] — Я да такога вар’яцтва, каханы мой, не дайду. Знішчаць сваё, набытае працай... У мяне не расшчэмяцца вось гэтыя пальцы запаліць сярнічку. Пальчэўскі.

вас,

гл. вы.

васа́л, ‑а, м.

1. Гіст. У сярэднія вякі ў Заходняй Еўропе — землеўладальнік-феадал, які залежаў ад феадала-сюзерэна.

2. перан. Падпарадкаваная або залежная асоба ці дзяржава. Васалы імперыялізму.

[Фр. vassal]

васа́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да васала (у 1 знач.).

2. перан. Залежны ў эканамічных і палітычных адносінах. Васальныя дзяржавы.

васемна́ццаты, ‑ая, ‑ае.

Ліч. парадк. да васемнаццаць. Васемнаццаты год.