распераза́ць, ‑перажу, ‑пяражаш, ‑пяража; заг. расперажы; зак., каго-што.
Зняць, развязаць тое, чым быў падперазаны (пояс, папругу, рэмень і пад.). Маці, не разабраўшыся, расперазала фартух і адлупцавала Грышу паскамі. Пальчэўскі. [Турок] расперазаў сваю трафейную дзягу. Быкаў. // Вызваліць ад падпяразкі. [Дзед] сеў, расперазаў кажух і, ужо крыху асмялеўшы, пачаў распытваць, як я тут жыву. Сабаленка.
распе́рці, разапру́, разапрэ́ш, разапрэ́; разапро́м, разапраце́; пр. распёр, ‑пе́рла.
Зак. да распіраць.
распе́сціцца, ‑пешчуся, ‑песцішся, ‑песціцца; зак.
Разм. Стаць занадта спешчаным, капрызным, распусным.
распе́сціць, ‑пешчу, ‑песціш, ‑песціць; зак., каго-што.
Сапсаваць празмернымі пяшчотамі; зрабіць спешчаным, капрызным, распусным. Распесціць адзінае дзіця. □ Чаму яе Косця зрабіўся такі? Не паважае старэйшых... Мабыць, і [Ганя] распесціла яго, як Ванда Адамаўна свайго сына?! Грамовіч.
распе́трыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Разм. Разбіць ушчэнт; размесці. Мы клялі вас тады, Мінеральныя Воды І абвеяны снегам Суровы Каўказ, — Белы гад нас прыціснуў Крыжовым паходам І распетрылі чэрці нас. Шмат загінула там, Каля ног Машука. Броўка. Як рэкі развіваюць зім кайданы, распетрым ворага над Сожам. Вялюгін. // Развеяць, раскідаць. У такія хвіліны [Глушак] думаў пра Нохіма як разумнейшы: «.. Распетрыў са страху ўсё сам, гатовы развеяць усё да пушынкі, а як вернецца добры час — дзе яго, тваё, сабярэш?» Мележ.
распе́ў, ‑спеву, м.
Працяжны напеў, мелодыя як характэрная рыса спеву. // Напеўнае вымаўленне (гаворка, чытанне). [Багдановіч] — чытае — глухім, нізкім распевам аб тых, хто ў цяжкі час выракся Айчыны, аб тых, што забылі, як можна пакутаваць за яе. «Маладосць».
распе́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць распеўнага; меладычнасць.
распе́ўны, ‑ая, ‑ае.
Працяжны, меладычны. Пастукаўшы ў дзверы, я пачуў.. [Ірын] трошкі распеўны голас. Сабаленка.
распе́цца, ‑пяюся, ‑пяешся, ‑пяецца; ‑пяёмся, ‑пеяцеся; зак.
1. Прапеўшы некаторы час, запець лёгка і свабодна.
2. Пачаўшы пець, захапіцца спевамі. [Дуня:] — Нешта мы с[ёння] распеліся!.. — Але ці будзем скакаць? — не пераставала дурэць Ганна Карнілава. Чыгрынаў.
распе́ць, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак., што.
1. Развучыць, рэпеціруючы (музычны твор для голаса). Распець дуэт.
2. Прымусіць добра гучаць (пра голас, галасы). Распець хор перад выступленнем.