перавярэ́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да пераверадзіцца.
перавярэ́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пераверадзіць.
перавя́сла, ‑а, н.
1. Саламяны жгут для звязвання снапоў, кулёў і пад. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. Бабы не паспявалі круціць перавяслы і вязаць следам за .. [жняяркаю] снапы. Васілевіч.
2. Звязка, вясло. [Званар] бразгаў цэлым перавяслам ключоў у руцэ, а следам ішлі Іван і ягоны швагер. Грахоўскі.
перагаблёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перагабляваць.
перагаблява́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перагабляваць.
перагаблява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.
1. Пагабляваць усё, многае. Перагабляваць усе дошкі.
2. Пагабляваць нанава, яшчэ раз.
перагава́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Тое, што і перагаворвацца. Бабы суцяшалі жонку, паціху перагаварваліся і не пераставалі глядзець на дарогу, па якой ішоў на вайну яшчэ адзін чалавек. Чыгрынаў.
перагавары́ць, ‑вару, ‑верыш, ‑верыць; зак.
1. з кім. Абмяняцца думкамі аб кім‑, чым‑н., коратка пагаварыць. Перагаварыць з сябрам па тэлефоне. Перагаварыць адзін на адзін. □ Студэнты вылучылі дэлегацыю з пяці чалавек, якім даручана было перагаварыць з рэктарам універсітэта. Галавач.
2. пра што, што і без дап. Пагаварыць з кім‑н. пра ўсё, многае. І хоць шмат чаго перагаварылі яны за той вечар, аднак не ўсё расказаў Павел пра сябе. Пальчэўскі.
3. каго. Разм. Пагаварыць даўжэй, больш за іншых, прымусіць замоўкнуць іншых. Не хацелася сварыцца з Сашам .. — усё роўна, ведала, яго не перагаворыш. Васілевіч.
перагаво́р, ‑у, м.
1. толькі мн. (перагаво́ры, ‑аў). Дзелавы абмен думкамі пры высвятленні якіх‑н. пытанняў, умоў і пад. Дыпламатычныя перагаворы. □ Пачынаючы з верасня 1920 г. Савецкая Расія вяла мірныя перагаворы з Польшчай. «Весці».
2. Разм. Размова. — Дзе ж ты быў цэлы дзень? — запытала .. [Марта] мужа. — А табе цікава ведаць? — Вядома, што цікава! — Зося нібы не чула гэтых перагавораў: яна .. цішком сядзела на лаве, абапёршыся локцем на стол. Гартны. [Наганаў:] А ў мяне сёння на міжгародняй перагавор. Губарэвіч. // Кароткая спрэчка. [Кравец:] — Нешта перагавор з жонкаю быў? Жывучы, братачка, усяго бывае. Чорны.
перагаво́рванне, ‑я, н.
1. Размова, гутарка. Патаемнае перагаворванне прыгнятала Саўку і наводзіла на яго жудасць. Колас.
2. Паўтарэнне сказанага.