разгле́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разгледзець.
разгле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
1. Паглядзець вакол сябе; прыгледзецца. Мікола ўстаў з куфра.., пачаў шарыць у цемры. Рог стала... запалкі... Запаліў адну, пасля лямпу. Разгледзеўся. Старая сядзела на зямлі, ля печы. Брыль. І тут бачу: нехта падымаецца на бераг, адтуль, ад ракі. Пастаяў вунь там, ля крайняй вярбы, разгледзеўся і ідзе, цераз плот пералазіць... Ракітны.
2. перан. Азнаёміцца з (навакольнай) абстаноўкай. Самы блізкі канкрэтны план дзеяння — не даць разгледзецца паліцаям, не даць ім апомніцца. Пестрак.
разгле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць і разглядзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Уважліва, пільна агледзець каго‑, што‑н. Пасажыраў у вагоне было нямнога, і Лабановіч пераходзіў ад аднаго акна да другога, каб разгледзець гэтую мясцовасць і хоць прыблізна адгадаць, дзе яго новая школа. Колас. Добра разгледзеў Толя ўсю красу раніцы позняй восені толькі за горадам. Якімовіч. Вечарам Шура з Сяргеем вылезлі на бераг, разглядзелі мішэнь. Навуменка. // Пільна ўглядаючыся, заўважыць, убачыць, распазнаць каго‑, што‑н. Асенняя ноч была такая цёмная і над ракой павіс такі густы туман, што твары людзей ніяк нельга было разглядзець. Кулакоўскі. Спыніліся [мужчыны] і ў тумане разгледзелі хату. Пальчэўскі. // перан. Прыгледзеўшыся, заўважыць, разабрацца ў кім‑, чым‑н. [Якаў:] — Дарэмна ты так падумаў. Людзі ёсць, толькі іх разгледзець трэба. Чарнышэвіч. Булая папракалі, але злёгку, а больш хвалілі. За смеласць, за ўменне разгледзець новае, своечасова падхапіць, выпеставаць. Шыцік.
2. Разабраць, абмеркаваць (звычайна з мэтай ацэнкі або прыняцця рашэння). Разгледзець справу ў судзе. □ З надыходам заакіянскай восені на парадку дня Генеральнай Асамблеі ўсё менш застаецца пытанняў, якія трэба разгледзець. Філімонаў. Вярнулася .. [Кавалёва] пад вечар, пакуль разгледзела пошту дома, то ўжо сонца паспела апусціцца за лес. Дуброўскі. [Малюга:] — У мяне тут яшчэ многа заяў, і мы павінны іх разглядзець. Скрыган.
разгля́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. разглядаць — разгледзець, разглядзець.
разгляда́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. разглядаць — разгледзець, разглядзець.
разгляда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да разгледзецца.
2. Зал. да разглядаць.
разгляда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Незак. да разгледзець, разглядзець.
2. (у спалучэнні з наступным «як»). Ацэньваць якім‑н. чынам; лічыць якім або кім‑, чым‑н. Чарнасоценныя газеты і часопісы разглядалі беларускую мову і літаратуру як нейкую «штуку палякаў», як «польскую інтрыгу». Казека. Чалавек толькі тады знаходзіць сваё асабістае шчасце, калі ён разглядае сябе як частку працоўнага калектыву. «ЛіМ».
разгля́дванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. разглядваць — разгледзець, разглядзець.
разгля́двацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да разгледзецца.
2. Зал. да разглядваць.
разгля́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разгледзець, разглядзець.