Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перавялі́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. перавялічваць — перавялічыць.

перавялі́чвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да перавялічваць.

перавялі́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перавялічыць.

перавялі́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Надаць чаму‑н. празмернае значэнне. Перавялічыць заслугі, магчымасці.

перавя́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. перавяльваць — перавяліць.

перавя́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перавяліць.

перавярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.

1. Павярнуцца з аднаго боку на другі; павярнуцца процілеглым бокам. Рыгор так смачна спаў, што нават ніводнага разу не перавярнуўся з боку на бок. Гартны. У адзін момант ускінуў .. [Карага] плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Колас. // Перакуліцца, перакінуцца. Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос. Чорны. Толькі зашапоча, загамоніць узрушаная плугам зямля і перавернецца быльнёг дагары нагамі. Баранавых.

2. перан. Стаць зусім іншым, рэзка змяніцца, перамяніцца. [Маці:] — Нешта на свеце перавярнулася. Быў у сям’і спакой, лад, а тут — на табе. Пестрак.

3. Прайсці, перабыць. За шэсць год вайны і за дзве акупацыі на гэтай дарозе перавярнулася бездань людзей. Чорны.

4. перан. Ператварыцца ў каго‑, што‑н. Былі рублі, ды перавярнуліся ў вераб’і. Прымаўка. // Прыняць іншую веру. Гэты малады юрыст за свой кароткі час паспеў з немца ператварыцца ў рускага, а потым у паляка, з лютэраніна перавярнуўся на католіка, з прапаведніка ў пракурора. Машара. // У казках і народных павер’ях — прыняць іншы выгляд, ператварыцца ў каго‑, што‑н. пры дапамозе чараў. Перавярнуўся б зараз у ваўка, У ворана... І жыў бы ў гэтым лесе, Пракляўшы чалавецтва і вайну. Пысін.

•••

Перавярнуцца ўверх дном — карэнным чынам змяніцца, стаць іншым.

перавярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. каго-што. Павярнуць процілеглым бокам, павярнуць з аднаго боку на другі. Па меры таго, як Віктар чытаў [ліст], твар яго то чырванеў, то рабіўся бледным. Ён хуценька перавярнуў ліст і глянуў на подпіс. Даніленка. [Маці] дастала з печы скавародку, перавярнула аладку на другі бок. Брыль. // Перакуліць. Фурман усю ўвагу аддаваў на тое, каб не перавярнуць саней. Бядуля.

2. перан.; што. Рэзка, карэнным чынам змяніць што‑н. Гэты папрок перавярнуў усё ў маёй душы. Дуброўскі.

3. што. Бязладна раскідаць, перабіраючы што‑н. у пошуках чаго‑н.; ператрэсці. [Гануля] перавярнула ўсе рэчы і так-такі нічога не знайшла. Гурскі. Партызан не знайшлі, хоць і перавярнулі ўвесь гарадок. Шамякін.

4. каго-што ў каго-што. Пераканаўшы, схіліць да якіх‑н. змен, перамен. Перавярнуць у сваю веру. // У казках і народных павер’ях — ператварыць у каго‑, што‑н. з дапамогай чараў. Перавярнуць у ваўка.

5. што. Разм. Змяніць, сказіць сэнс, змест чаго‑н., падаць што‑н. у скажоным выглядзе. Што я чуў, дык пераверне, І пайшла пісаць губерня, Бо даўгі яго язык Да спакою не прывык. Крапіва. // каго. Выдаць за каго‑н. іншага. — Вось табе і на: з сваяка ды ў госця перавярнулі, — жартаваў Хлор. Гартны.

6. што і чаго. Разм. Выканаць вялікі аб’ём работы. Трэба перавярнуць гару кніг, каб дазнацца, што з чым параўноўваецца. Лужанін. — Эх ты, белалобы! Колькі трэба будзе перавярнуць работы. Паслядовіч.

•••

Горы перавярнуць — выканаць вялікую работу.

Перавярнуць уверх дном — тое, што і перавярнуць усё на свеце.

Перавярнуць (увесь) свет — зрабіць нешта незвычайнае, немагчымае.

Перавярнуць усё на свеце — а) змяніць усё карэнным чынам; б) прывесці ўсё ў хаатычны стан.

перавярста́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перавярстаць.

перавярста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Звярстаць нанава, іначай. Перавярстаць газету.