гаранты́йны, ‑ая, ‑ае.
Які заключае ў сабе гарантыю, з’яўляецца гарантыяй. Гарантыйнае пісьмо. // Прадугледжаны гарантыяй. Гарантыйны тэрмін.
гара́нтыя, ‑і, ж.
Запэўненне ў чым‑н., забеспячэнне чаго‑н.; парука. Гарантыя правоў. Тавар з гарантыяй. // Залог, умова, якая забяспечвае поспех чаго‑н. Паспяховы запуск магутнай савецкай многаступеньчатай ракеты з’яўляецца гарантыяй таго, што савецкая навука даб’ецца новага прагрэсу на шляху асваення касмічнай прасторы. «Звязда».
[Фр. garantie.]
гарапа́шнік, ‑а, м.
Разм. Бядняк, гаротнік. — Так, — згадзіўся дзед Талаш, — ..Пан ёсць пан, а наш брат просты чалавек, гарапашнік — ён сваю мае думку і свой інтарэс, паляк ён ці немец. Колас.
гарапа́шніца, ‑ы, ж.
Разм. Жан. да гарапашнік.
гарапа́шніцкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які належыць гарапашніку; такі, як у гарапашніка. Калі.. [Лабановіч] уставаў разам з усімі, каб узяцца за якую-небудзь работу, дык дзядзька або маці заўважалі, што ён мог бы паспаць і даўжэй, і не яго ўжо справа цягнуць гарапашніцкую лямку простых людзей. Колас.
гарапа́шны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Бедны, гаротны. Гарапашны чалавек. □ Цяжкае гарапашнае жыццё навучыла Дзям’яна любіць і паважаць чалавека працы. Хромчанка.
гараско́п, ‑а, м.
Табліца размяшчэння зорак, якая складаецца астролагамі для прадказання лёсу чалавека або выніку якой‑н. падзеі.
[Ад грэч. hōra — пара года і scopeō — гляджу.]
гарачатрыва́лы, ‑ая, ‑ае.
Які захоўвае свае якасці пры высокай тэмпературы. Гарачатрывалае шкло.
гара́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
Разм.
1. Хвароба, пры якой у хворага бывае высокая тэмпература; ліхаманка. Два дні Марынка не выходзіла з кватэры бацькоў — ляжала ў пасцелі, перамагаючы гарачку і трызненне ў паўсне. Хадкевіч.
2. перан.; чаго або якая. Моцнае ўзрушэнне, захапленне, азарт. Гарачка нажывы. Карцёжная гарачка. □ Усіх [вяскоўцаў] ахапіла гарачка будаўніцтва, і кожны лез са скуры, каб зрабіць дах большы і лепшы. Шамякін. // Спешка ў якой‑н. рабоце. А пад хваінаю на грудзе Вакол стажка аж кішаць людзі, Гарачка ўсіх бярэ такая, Што пот ім вочы залівае, Бо хмара сіваю градою Ужо звісла нізка над зямлёю. Колас.
•••
Белая гарачка — захворванне, якое ўзнікае ў выніку алкагалізму і суправаджаецца трызненнем і галюцынацыямі.
Пароць гарачку гл. пароць.