Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распатро́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад распатрашыць.

распаўза́цца, ‑аецца.

Незак. да распаўзціся.

распаўзці́ся, ‑паўзецца; ‑зёмся, ‑зяцеся, ‑зуцца; пр. распоўзся, ‑паўзлася, ‑лося; зак.

1. Папаўзці ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх насякомых, жывёл). Мурашкі распаўзліся. □ [Змеі], як відаць,.. вызваліліся і распаўзліся па караблі. Маўр. З учарашняга дня ваўчыца не вярнулася ў бярлогу, і галодныя ваўчаняты распаўзліся па кустах. Якімовіч. // Разм. Разысціся ў розныя бакі (пра людзей). — Вось што, хлопцы, — перавёў Лабановіч гутарку на іншае, — усім гуртам ісці на станцыю не варта. Давайце лепей распаўзёмся паціхеньку. Колас. // Павольна разыходзячыся, захапіць вялікую прастору (пра хмары, дым, туман і пад.). Па небе распаўзлася шэрая хмара і схавала сонца. Гроднеў. Густы дым распоўзся каля нары, але, здавалася, зусім не ішоў у сярэдзіну. Маўр. // Рассунуцца, раз’ехацца. Яна засталася адна. Рукі яе апусціліся, не давязаўшы вузла, і рагі ў прасцірадле распаўзліся з-пад рук. Чорны. // Разм. Прасторна, шырока размясціцца. Вялізнае сяло распаўзлося на багатым .. суглінку па броўках яроў, па схілах, па адхоне над рачулкай. Караткевіч.

2. Расплыцца, расцячыся па паверхні чаго‑н. Дзежка грымнулася аб зледзянелую сцежку, клёпкі са звонам рассыпаліся ва ўсе бакі, па снезе распаўзлася рыжая, як вывернуты стары кажух, пляма. Дуброўскі. / у перан. ужыв. Па светламу твару Колышава распаўзлася здрадлівая чырвань. Мележ. // Страціць пэўныя, яскравыя абрысы, форму пад уздзеяннем вільгаці, вады і інш. Дзе папера ад поту прамокла, там літары распаўзліся, але пыталіся выразна. Грамовіч. На прыгрэве каля ляска заечыя сляды. Пад цёплымі промнямі веснавога сонца яны распаўзліся. Ігнаценка. // Размокнуць, раскіснуць (пра зямлю, дарогу). Дождж прайшоў сляпы, спорны. Дарога распаўзлася. Лукша.

3. Разм. Разваліцца, разлезціся ад доўгай носкі, ад старасці. Алесь устаў. Можна выкруціць, выбіць аб руку пілотку. Выкруціў. Асцярожна, каб не распаўзлася. Брыль. [Крымянец] крыху паправіў падушку, якая даўно ўжо распаўзлася і з якой церушылася старая спарахнелая салома. Лынькоў. А тут новая бяда — чаравікі распаўзліся. Мядзёлка.

распаўне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які распаўнеў; поўны, тоўсты. І Анюта ўжо не тая, якая мне запомнілася, якую я прывык бачыць, а пажылая, распаўнелая, з маршчынкамі ля вачэй кабета. Сачанка.

распаўне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць поўным, тоўстым. [Некаторыя] могуць апрануцца ў аксаміт, могуць распаўнець, але ўсё роўна будуць выглядаць убогімі, пакрыўджанымі лёсам. Карпаў. — Першага я не ем, каб не распаўнець. Прокша.

распаўсю́джанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць распаўсюджанага. Па сваёй распаўсюджанасці і прымяненню вуда займае першае месца сярод спартыўных рыбалоўных прылад. Матрунёнак.

распаўсю́джанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. распаўсюджваць — распаўсюдзіць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. распаўсюджвацца — распаўсюдзіцца.

распаўсю́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад распаўсюдзіць.

2. у знач. прым. Звычайны, пашыраны. Распаўсюджаныя віды раслін. Распаўсюджаная думка. □ У тую вайну .. [хвароба скуры] была вельмі распаўсюджаная хвароба. Шамякін.

распаўсю́джвальнік, ‑а, м.

Той, хто займаецца распаўсюджваннем чаго‑н. Распаўсюджвальнік кніг. □ Стары камуніст, член партыі з 1919 года, Г. Севасцянаў на працягу многіх год працуе грамадскім распаўсюджвальнікам друку. «ЛіМ».

распаўсю́джвальніца, ‑ы, ж.

Жан. да распаўсюджвальнік.