вартаўні́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Жанчына, якая прыбірае школу і наглядае за ёю; тэхнічка.
вартаўні́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які прызначаны для вартаўніка, належыць яму. Вартаўнічая будка.
2. у знач. наз. вартаўні́чы, ‑ага, м. Тое, што і вартаўнік.
варто́ўня, ‑і, ж.
Разм. Памяшканне для вартаўніка; старожка. Яшчэ да вайны тут [на паляне] стаяла вартоўня лесніка. Сачанка.
ва́рты, ‑ая, ‑ае; варт, ‑а.
1. Які заслугоўвае чаго‑н. Варты ўвагі, жалю. □ [Ветэрынар] гляне Дэрашу ў зубы і адразу ўбачыць, чаго конь варты. Якімовіч. А сёння сталі хлеб дзяліць, прыпомнілі, чаго хто варты. Дудар. // Які адпавядае каму‑, чаму‑н. Партсход прызнаў Паўла Дэшку вартым высокай годнасці камуніста. Дуброўскі. Паэма «Курган» займае вартае месца не толькі сярод твораў Я. Купалы, але і ва ўсёй беларускай літаратуры. Шкраба. // Каштоўны, дарагі. З дзедавых слоў выходзіла, што цяпер ні звера вартага не засталося ў лесе, ні рыбы ў балоце. Мележ.
2. у знач. наз. ва́ртае, ‑ага, н. Тое, што мае значную вартасць; добрае. [Васіль Пятровіч:] — Загінулі ўсе [будынкі вуліцы], і невядома, калі давядзецца працаваць над чым-небудзь вартым... Карпаў.
•••
Адзін другога варты гл. адзін.
Гроша ломанага не варты — не мае ніякай вартасці, каштоўнасці, ніякага значэння.
Куды (чаго) гэта варта? — ужываецца пры адмоўнай эмацыянальнай ацэнцы чаго‑н.
Не варты выедзенага яйца — пра што‑н. вельмі дробязнае, нікчэмнае.
Нікуды (нічога) не варты — вельмі дрэнны.
Чаго варты! — ужываецца пры высокай эмацыянальнай ацэнцы чыіх‑н. якасцей.
Шкурка вырабу не варта гл. шкурка.
вару́нкі, ‑аў; адз. варунак, ‑нка, м.
Абставіны, умовы. Не лёгкімі былі варункі жыцця ў Азаркевіча. Гурскі. Хвіліну жанчыны моўчкі пазіралі адна на адну, і кожная з іх намагалася ўспомніць дакладна варункі былых сустрэч. Мікуліч.
[Ням. Wahrung.]
варухлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які рухаецца, варушыцца; трапяткі. Па той бок ракі чорнай варухлівай плямай то распаўзаліся, то зноў збіраліся ў чародку шпакі. Асіпенка. У варухлівым святле акрэсліўся кружок цыферблата. Мележ.
варухну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Аднакр. да варушыцца (у 1, 2 знач.). Хлопцы былі так стомлены, што ім не хацелася нават варухнуцца. Маўр.
варухну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што, чым.
Аднакр. да варушыць (у 1, 2 знач.). Не варухне абвялым лістом клён на ўзбочыне дарогі, не адзавецца птушка. Навуменка.
•••
Вухам не варухнуць (не навесці) — не звярнуць ніякай увагі.
варушкі́, ‑а́я, ‑о́е.
Абл. Рухлівы. [Анэта] ўвішная была жанчына. Вясёлая, бойкая, варушкая. Скрыган.