разга́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. З расстаўленымі ў бакі галінамі, развілінамі; разгалісты. У парку крычалі галкі, іх ганяла вясновым, яшчэ халодным ветрам з аднаго разгатага клёна на другі. Пташнікаў.
разга́ўкацца, ‑аецца; зак.
Разм. Пачаць моцна і доўга гаўкаць. Апоўначы, аднойчы, на дварэ Разгаўкалася Шаўка, Ды так жа ўзялася гаўкаць, Што аж мароз па скуры ўсіх дзярэ. Корбан.
разгаўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да разгавецца.
разга́ціна, ‑ы, ж.
Разм. Развіліна, рагуліна. А падпорка была дубовая. Знайшоў дзядзька Марцін гэтую разгаціну, вілаватую дубовую. Колас.
разга́цісты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і разгаты. З-за высокай разгацістай елкі выглядае страха хлява і калодзежны журавель. С. Александровіч.
разга́ціцца, ‑гаціцца; незак.
Разм. Расці разгатым, стаяць разгатым. Крыху ўбок ад .. [лагчыны], на мяжы, разгацілася адвечная, старая дзічка. Чорны.
разгерметызава́цца, ‑зуецца; зак.
Страціць герметычнасць.
разгерметызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што.
Парушыць герметычнасць чаго‑н. Разгерметызаваць кабіну самалёта.
разгерметыза́цыя, ‑і, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. разгерметызаваць і стан паводле знач. дзеясл. разгерметызавацца.
разгі́б, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разгібаць — разагнуць.
2. Месца, дзе прадмет разагнуты.