Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шах-ма́х, выкл.

Ужываецца для абазначэння рашучага хуткага дзеяння. — Гатовай праўды захацелася? — прамовіў Галубовіч. — Не, брат, праўду трэба здабываць з боем. А гэта не так проста, як малююць балбатуны-анархісты: шах-мах — скінулі цара, і кожны сам сабе сіла і права. Колас.

шацёр, шатра, м.

1. Лёгкае пераноснае жыллё з тканіны, скуры і пад., якое будуецца звычайна ў форме конуса. Пад’ехаў Іванька да царскага шатра. Якімовіч. За ўзгоркам знаходзіцца табар, у лагчыне раскінуты цыганскія шатры. Каваль. // Навес з матэрыі, драўніны ці з галін і лісця дрэў. Лье дождж. Аўдулі не сядзіцца Пад парусінавым шатром. Калачынскі. Як волаты, за рэчкаю дубы Шатры свае раскінулі над долам. Колас. // перан. Неба, небасхіл. О неба, ціхае, світальнае... Мы пад шатром тваім стаім З салодкай сённяшняю тайнаю І лёсам заўтрашнім сваім. Бураўкін.

2. У старой рускай архітэктуры — дах у выглядзе высокай чатырохграннай ці васьміграннай піраміды, што завяршаецца ў царкоўных пабудовах галоўкай з крыжам, а ў грамадзянскіх і ваенных — вышкай, флюгерам і пад. Вакол [забудовы] нібы групуюцца, збіраюцца навакольныя шпілі, шатры і купалы. «Помнікі».

3. У паляўнічых — конусападобная сетка для лоўлі цецерукоў і курапатак.

ша́ція, ‑і, ж.

Разм. Кампанія, група людзей (звычайна заганных, недастойных паводзін). — Зірні — святая шація пайшла! — штурхануў мяне раптам Кастусь. Брыль.

шаша́, ‑ы, ж.

Дарога, мошчаная шчэбенем, пакрытая асфальтам або іншым цвёрдым пакрыццём, прызначаная для руху бязрэйкавага транспарту. З Выбаргскае шашы даносіўся грукат паравіка. Гартны.

ша́шаль, ‑я, м.

Насякомае атрада жукоў, лічынкі якога псуюць скуры, футра, точаць дрэва і пад. Зімою дзяцел у ствале елкі выдзёўб неглыбокае дупло: выбіваў лічынак шашаля. Бяспалы.

ша́шачніца, ‑ы, ж.

1. Квадратная дошка з клеткамі двух колераў для гульні ў шашкі і шахматы.

2. Скрынка для захоўвання шашак, якая з’яўляецца звычайна і шашачнай дошкай. Сабраць шашкі ў шашачніцу.

3. Дзённы матыль з рыжай афарбоўкай крылаў і радамі чорных плям на іх.

ша́шачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гульні ў шашкі, звязаны з ёй. Шашачны турнір. □ — А н-ну, хто са мною асмеліцца?.. От глядзіце, я пайшоў! — і.. [загадчык фермы] пасунуў сваю шашку далёка за лінію шашачнага поля. Палтаран. // Прызначаны для гульні ў шашкі. Шашачны столік. Шашачная дошка.

2. Размешчаны так, як размешчаны клеткі аднаго колеру на дошцы для гульні ў шашкі. У шашачным парадку.

ша́шка 1, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Кружок з дрэва, косці, пластмасы (звычайна белага або чорнага колеру), прызначаны для гульні на спецыяльнай дошцы.

2. толькі мн. (ша́шкі, ‑шак). Гульня па пэўных правілах на дошцы з 64, 100, 144 светлых і цёмных клетак кружкамі адпаведнага колеру паміж двума праціўнікамі. Клопікаў пасля вячэры іграў у шашкі са сваім старым дружбаком. Лынькоў.

3. Разм. Пра тое, што мае форму, узор клетак. Рысунак у дробную шашку.

4. Кубік спрасаванага выбуховага рэчыва. Піраксілінавая шашка. Дымавая шашка. □ Падрыўнікі заклалі шашкі, па камандзе падпалілі кароткія бікфордавыя шнуры і адбегліся ў адхон. Краўчанка.

ша́шка 2, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Халодная зброя ў выглядзе доўгага, злёгку сагнутага клінка (у адрозненне ад шаблі мае не металічныя, а скураныя ножны). Закашляўся Максім, кракнуў, бы гусь, стараста, а ўраднік паправіў ля боку шашку ды разгладзіў далоняй вусы. Каваль.

[Ад кабард. sešxo.]

шашлы́к, ‑у, м.

Страва з кавалачкаў бараніны (радзей ялавічыны, свініны), нанізаных на металічны стрыжань (шампур) і засмажаных разам з кольцамі цыбулі. Тут [на базары] прадаецца і свежае мяса, і гатовыя гарачыя шашлыкі, нанізаныя на дроцікі. В. Вольскі.

[Ад цюрк. sislik.]

шашлы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шашлыку, уласцівы яму. Шашлычны гарнір. Шашлычны пах.

2. у знач. наз. шашлы́чная, ‑ай, ж. Сталовая, дзе гатуюць шашлыкі. А ў шашлычнай мае землякі-дружбакі З апетытам, якога не бачыла Ялта, Не смакуючы, знізвалі ўміг шашлыкі. Чэрня.