шацёр, шатра, м.
1. Лёгкае пераноснае жыллё з тканіны, скуры і пад., якое будуецца звычайна ў форме конуса. Пад’ехаў Іванька да царскага шатра. Якімовіч. За ўзгоркам знаходзіцца табар, у лагчыне раскінуты цыганскія шатры. Каваль. // Навес з матэрыі, драўніны ці з галін і лісця дрэў. Лье дождж. Аўдулі не сядзіцца Пад парусінавым шатром. Калачынскі. Як волаты, за рэчкаю дубы Шатры свае раскінулі над долам. Колас. // перан. Неба, небасхіл. О неба, ціхае, світальнае... Мы пад шатром тваім стаім З салодкай сённяшняю тайнаю І лёсам заўтрашнім сваім. Бураўкін.
2. У старой рускай архітэктуры — дах у выглядзе высокай чатырохграннай ці васьміграннай піраміды, што завяршаецца ў царкоўных пабудовах галоўкай з крыжам, а ў грамадзянскіх і ваенных — вышкай, флюгерам і пад. Вакол [забудовы] нібы групуюцца, збіраюцца навакольныя шпілі, шатры і купалы. «Помнікі».
3. У паляўнічых — конусападобная сетка для лоўлі цецерукоў і курапатак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)