Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перагля́двацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да пераглянуцца.

2. Зал. да пераглядваць.

перагля́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перагледзець.

перагляну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Абмяняцца быстрымі позіркамі. Хлопцы пераглянуліся і, зразумеўшы адзін аднаго без слоў, кінуліся да зарасніку. Якімовіч. Прыборны і Лясніцкі пераглянуліся паміж сабой і ўсміхнуліся. Шамякін. Сакратар і капітан пераглянуліся, і кожны апусціў вочы. Пестрак.

перагнаі́ць, ‑гнаю, ‑гноіш, ‑гноіць; зак., што.

1. Згнаіць усё, многае.

2. Угнаіць звыш нормы, празмерна ўгнаіць.

перагна́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перагнаць.

перагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго-што. Прымусіць перайсці з аднаго месца на другое; перамясціць. Перагнаць табуны на лепшую пашу. □ Маёр загадаў усе плыты перагнаць у вусце рачулкі, замаскіраваць іх у чароце. Няхай. Навальніца была нядоўга, яе вельмі хутка бокам перагнаў вецер. Сачанка. // Гонячы, прымусіць перайсці, перамясціцца цераз што‑н., куды‑н. Перагнаць статак цераз чыгуначны пераезд. Перагнаць лодкі на другі бераг. □ Спачатку перагналі цераз ручаёк кароў. Следам за імі, падкасаўшы да калень, перайшоў Грыша. Пальчэўскі. // Разм. Гонячы, мінуць, прапусціць які‑н. пункт.

2. каго-што. Рухаючыся хутчэй, апярэдзіць; абагнаць. Алена падхапілася і пабегла .. Але праз некалькі крокаў яе перагналі другія партызаны. Шамякін. // перан. Дасягнуць большых поспехаў у параўнанні з кім‑н., выйсці ўперад у якіх‑н. адносінах. Надоі малака ў іх кароў пайшлі ўверх. Цяпер часта можна было чуць, як Ганна Тамашкевіч гаварыла: — Ого, Тоня, сёння ты перагнала ўсіх — сто пятнаццаць літраў маеш. Шчарбатаў.

3. што. Раскласці, расшчапіць на састаўныя часткі пры дапамозе перагонкі (у 1 знач.); зрабіць перагонку. Перагнаць нафту. Перагнаць малако. // Разм. Ачысціць перагонкай. Перагнаць спірт. // перан. Разм. Перавесці што‑н. у іншы стан, у іншыя велічыні, знакі і пад. У гэтую раніцу быў замаразак, але сонца ўзнялося высакавата, паспела прыгрэць зямлю, перагнаць шэрань на траве ў расу. Дуброўскі. [Навум:] — Ён табе і стог сена вылічыць, і капец абмерае і кілаграмы ў пуды перагоніць. Ермаловіч.

4. каго. Надта стаміць, замучыць яздой. [Бурак Ціхон да Хрысціны:] — Вось і я! Добры дзень у хату! Я даваў табе каня На вяселле к брату? Конь ледзь ногі прывалок, Каня перагнала. Бялевіч.

перагніва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. перагніваць — перагнісці, перагніць.

перагніва́ць, ‑ае.

Незак. да перагнісці, перагніць.

перагні́лы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перагнісці, перагніць.

перагні́сці і перагні́ць, ‑гніе; зак.

Згніць зусім, поўнасцю. // Прагніўшы ў якім‑н. месцы, разваліцца на часткі. Перагнілі кроквы, і страха правалілася.