цыру́балка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм.
1. Цыбур. Ужо даўно вецер здзьмуў з .. [адуванчыкаў] лёгкія пушынкі з зярнятамі.. Цяпер тырчалі толькі сухія цырубалкі. Кулакоўскі.
2. Драўляная зашпілька.
цыру́льнік, ‑а, м.
Майстар, які займаецца галеннем, стрыжкай, афарбоўкай і прычэсваннем валасоў. У афіцэрскай палаце спрытны і гаваркі цырульнік займаўся абмаладжэннем ляжачых кліентаў. Якімовіч. [Алёша] яшчэ раз прыгладзіў свой «бокс», над якім гадзіну таму назад так старанна завіхаўся цырульнік. Васілевіч.
[Польск. cyrulik з грэч.]
цыру́льніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да цырульніка, належыць цырульніку. Цырульніцкія прылады. Цырульніцкая справа. □ Вунь ужо выходзяць з пад’ездаў прыбраныя, прычасаныя па апошняму жэсту цырульніцкай моды маладзенькія масквічкі. Лось.
цыру́льня, ‑і, ж.
Спецыяльна абсталяванае памяшканне для галення, стрыжкі, афарбоўкі, прычэсвання валасоў і пад. Мне трэба было пагаліцца, і я пайшоў у цырульню. Гамолка. Цырульня пустуе. Толькі побач з дзіцячым крэслам голяць нейкага кліента. Каршукоў. Кваліфікаваныя майстры цырульняў вам зробяць модную сучасную стрыжку. «Звязда».
цыры́канне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. цырыкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Праз адчыненую фортку далятала забіяцкае цырыканне вераб’ёў. Хомчанка.
цыры́каць, ‑ае; незак.
Абзывацца гукамі, падобнымі на «цырык-цырык» (пра птушак, часцей вераб’ёў). У кустах бэзу цырыкаюць вераб’і. «Работніца і сялянка». На плоце скакалі вераб’і і весела цырыкалі. Жычка.
цыры́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да цырыкаць.
цырыманія́л, ‑у, м.
Распарадак, устаноўлены для якога‑н. абраду, якой‑н. цырымоніі. Цырыманіял адкрыцця алімпіяды.
[Лац. caerimonialis.]