тарбасы́, ‑оў; адз. торбас, ‑а, м.
Мяккія боты з аленевых шкур шэрсцю наверх.
[Ад якуцкага этэрбэс — абутак.]
тарбахва́т, ‑а, М ‑хвале, м.
Разм. Той, хто хапае і прысвойвае сабе; сквапны чалавек, хабарнік. Сілівону Сяргеевічу рабілася прыкрай .. гутарка з чалавекам, якога ён і раней не вельмі паважаў, лічачы яго за спрытнага тарбахвата, які не прапускаў ніводнай магчымасці, каб дзе што ўхапіць. Лынькоў.
таргава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; незак.
1. Дагаворвацца аб цане, дабіваючыся ўступак пры заключэнні гандлёвых або іншых здзелак. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў ды надта даражыўся. Якімовіч. [Ян:] — Купілі [кабылку] выгадна, хоць і таргаваліся доўга. Чорны. Клім стаяў моўчкі, азіраючы дровы, гатовы ўжо згадзіцца на тое, каб заплаціць за іх васемнаццаць рублёў, і не хацеў сказаць гэтага селяніну, злаваўся на сябе, што не ўмеў таргавацца. Галавач.
2. перан. Спрачацца, не згаджаючыся з чым‑н., імкнучыся дабіцца чаго‑н., атрымаць што‑н. Пара прыступаць да працы, няма чаго таргавацца.
таргава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.
1. Збіраючыся купіць што‑н., прыцэньвацца, дамаўляцца аб цане. Калі ж япрукі жывыя, то іх трэба яшчэ важыць, таргаваць і разоў дваццаць пляснуць далонню аб далонь прадаўца. Колас. Бывалы яшчэ здалёк убачыў высокага, статнага Нічыпаровіча, які азартна таргаваў нешта ў спекулянта. Новікаў.
2. Разм. Тое, што і гандляваць. [Шэя:] — У .. [сваякоў] вялікі магазін — ботамі таргуюць. Гартны.
3. перан. Зневаж. Рабіць прадметам гандлю (пра людзей, іх пачуцці і пад.). Таргаваць сумленнем. □ І ён [Даніла] сцярогся таго зброду, Якім не цяжка таргаваць. Колас.
таргану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Рэзкім рухам крануцца з месца. Самалёт таргануўся і яшчэ больш заваліўся ўлева — шасі загразла. Хомчанка. Гулка страляючы круглымі колцамі шызага дыму, трактар шалёна зароў, таргануўся, як у ліхаманцы, наструніўся і асеў назад. Б. Стральцоў. // Зрабіць сутаргавы рух. — Даша! — У Загурскага раз-другі тарганулася шчака. — Ты жартуеш, Даша? Асіпенка. У маці нервова таргануліся вусны, яна памкнулася была сказаць ужо нешта злоснае... «ЛіМ». — Дачка... — Ігнатавы губы горка таргануліся. — П-памірае!.. Мележ.
таргану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. каго-што. Рэзкім рухам пацягнуць за што‑н., штурхануць. Машыніст Андрэй Беражкоў таргануў за прывод сігнала, пасунуў рэгулятар назад і ўключыў тармазы. Васілёнак. Старэйшы з хлопчыкаў, якога звалі Валерый і які сядзеў цяпер побач з Зінай, таргануў яе за руку і нешта ёй сказаў паціху. Кавалёў. — Не спі ты, дурань! — крыкнуў бацька і балюча таргануў: — Ці замерзнуць хочаш? Гарэцкі. / у безас. ужыв. Пры слове конь Сяргея неяк тарганула. Нікановіч.
2. чым. Рабіць рэзкі рух якой‑н. часткай цела. [Марына:] — А зямля?.. Ты ж цэлую граду адхапіў?.. Платон у адказ насмешліва таргануў плячом: чаго ад яго хоча гэтая баба? — і прысеў прымераць цвікі — ці добра яны будуць. Ракітны. / Пра рэзкі неадвольны рух. Лінкевіч усхваляваўся, заморгаў вачыма, таргануў шчакой. Дуброўскі.
та́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Прадмет кухоннага ўжытку — металічная пласцінка з дзіркамі, якая служыць для раздрабнення, расцірання чаго‑н. Наўкол пляменнікі сядзелі, На дзядзьку пільна ўсе глядзелі, Як ён, рукавы закасаўшы, Па тарцы шоргаў, шапку зняўшы. Колас.
та́ркавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да таркі.
таркану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.
Тое, што і торкнуць.
тарка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што або чым.
Тое, што і торкаць.