сырава́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сыраварства, звязаны з прыгатаваннем сыру. Сыраварная вытворчасць.
сырава́рня, ‑і, ж.
Прадпрыемства, на якім вырабляюць сыры. Пані Ласоўская, старая ўдава, мела добры маёнтак, сваю сыцаварню. Дамашэвіч.
сырава́рства, ‑а, н.
Выраб сыру; галіна малочнай прамысловасць якая займаецца вырабам сыру.
сырава́та, безас. у знач. вык.
Пра наяўнасць вільгаці дзе‑н. — Не, там [на свежым паветры] сыравата, а пад раніцу холадна, — азваўся з цёмнага кута Марынчук. С. Александровіч.
сырава́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан сыраватага. Сыраватасць пяску.
сырава́ты, ‑ая, ‑ае.
Трохі сыры (у 1, 3 і 4 знач.). Тытунь быў сыраваты, не хацеў гарэць. Крапіва. Лес .. быў густы, сыраваты. Трапляліся гразкія мясціны. Ставер.
сыраві́на, ‑ы, ж.
Матэрыял, прызначаны для далейшай прамысловай апрацоўкі і атрымання гатовых вырабаў. Сельскагаспадарчая сыравіна. Сыравіна для тэкстыльнай прамысловасці. □ [Віктар Мікалаевіч:] — Калійная соль, што мы выдаём з шахты, — гэта сыравіна, якую яшчэ трэба перапрацоўваць. Чаркасаў. // перан. Разм. Пра што‑н., не апрацаванае як след, тое, што з’яўляецца накідам для чаго‑н. А блакнот .. [Гната] быў заўсёды гусцей, як у каго іншага, нашпігаваны сыравінай для карэспандэнцый, замалёвак, інфармацыі... Карамазаў.
•••
Стратэгічная сыравіна — матэрыялы, якія адпавядаюць мэтам стратэгіі, неабходныя для ваенных мэт.
сыраві́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сыравіны, з’яўляецца сыравінай. Сыравінныя рэсурсы. // Які забяспечвае сыравінай, дае сыравіну. Сыравінны раён. Сыравінная зона.
сырадо́й, ‑ю, м.
Толькі што надоенае, яшчэ неастылае малако. [Гарбач:] — Будзем піць малако. Толькі што з-пад каровы... Свежы сырадой. Мурашка. Як заўсёды, на золку [маці] даіла карову, працэджвала малако, налівала нам сырадою. Кухараў.
сыраду́тны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Звязаны з даўнейшай тэхналогіяй атрымання жалеза непасрэдна з руды шляхам аднаўлення яго вугляродам. Сырадутны працэс. // Прызначаны для атрымання жалеза такім спосабам. Сырадутная печ.