Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раска́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад расказаць.

расказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., што, аб чым, пра каго, што, з дадан. сказам і без дап.

Вусна апісаць, паведаміць пра якія‑н. падзеі (што‑н. бачанае, чутае і пад.). [Дзед Талаш] раскажа камандзіру і пра свой план нападу — гэты план смелы і просты і страты ў людзях не будзе. Колас. [Настаўніца:] — Ну, раскажы мне, Данік, як ты цяпер вучышся? За што двойку атрымаў? Брыль. // Пераказаць прачытанае або пачутае. Расказаць казку. □ [Андрушка:] — А хочаш — я табе кніжку раскажу? Вох, цікавая! Лобан. // Разм. Прачытаць напамяць. Расказаць верш. Расказаць урывак з аповесці.

раска́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. расказваць — расказаць.

раска́звацца, ‑аецца; незак.

1. Паведамляцца, вусна апісвацца. Шмат каго з тых людзей, аб якіх расказваецца [у кнізе], ужо няма на свеце. Колас.

2. Зал. да расказваць.

раска́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да расказаць.

2. перан. Сведчыць пра што‑н., выяўляць што‑н. Ёсць [у Славы] крыху экспанатаў, якія расказваюць пра барацьбу за Савецкую ўладу і калектывізацыю. Жычка.

раска́зчык, ‑а, м.

Той, хто расказвае. Расказчык .. шчыра і проста вядзе задушэўную размову. Майхровіч. А трэба сказаць, што расказчык з нашае Зінаіды Якаўлеўны — адмысловы. Палтаран. // Артыст, які выступае з вуснымі расказамі.

раска́зчыца, ‑ы, ж.

Жан. да расказчык.

раска́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да раскаяцца.

раскалаці́ць, ‑калачу, ‑калоціш, ‑калоціць; зак., што.

1. Інтэнсіўна мяшаючы, калоцячы (у 5 знач.), размяшаць, зрабіць раўнамерным раствор чаго‑н. Калёсамі раскалацілі гразь. Раскалаціць цеста на бліны.

2. Разм. Разбіць, размалаціць. Раскалаціць гаршчок.

раскалашма́ціць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; зак., каго-што.

Разм. Разбіць, растрапаць. Валейбольнага мяча не было. Яго за зіму раскалашмацілі меншыя Тарабаны. Навуменка. // Разбіць, разграміць у бойцы. [Сяляне:] — Мы звяжамся там з партызанамі і разам раскалашмацім пару камендатур. Галавач. — Эх, была б рацыя, — уздыхнуў Сяргей. — Зараз жа паведамілі б нашаму камандаванню, дзе .. [нямецкіх лётчыкаў] асінае гняздо. Тут іх і раскалашмацілі б... Няхай.