рань, ‑і, ж.
Вельмі ранні час. — Ты чаго гэта, хлопча, падняўся ў такую рань? — стрэў .. [Міхася] дзед Антось. Якімовіч.
раня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.
1. Даваць магчымасць упасці, скаціцца таму, што аддзялілася, адарвалася. Ходзіць [Стася], слёзы раняе цяжкія, як шрот. Куляшоў. Лазняк раняў буйныя кроплі на мокры пясок. Няхай. // Пазбаўляцца чаго‑н., скідаць (лісты, спелыя плады і інш.). На дол хваёвы ігліцы Раняе бор. Пустэча скрозь. Прыходзька. / у перан. ужыв. У дубах крычаць сіваваронкі, І свіст над лугам рэзкі, звонкі Каршун маркотна так раняе І нейкі смутак закідае. Колас.
2. перан. Прыніжаць, траціць. Ды і як .. [Аўгіні], так ганебна .. выгнанай, было варочацца, кланяцца... [Васілю], раняць перад ім свой жаночы гонар? Колас.