Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раме́ньчык, ‑а, м.

Невялікі або вузкі рэмень (у 1 знач.). Гадзіннікавы раменьчык. □ — А калі не сабака, дык адкуль жа ўзяўся раменьчык на шыі ў ваўка? Як па-твойму? — дапытваўся бацька. Пальчэўскі.

раме́ньчыкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да раменьчыка, які складаецца з раменьчыкаў. Раменьчыкавы бізун.

раме́снік, ‑а, м.

1. Чалавек, які займаецца саматужным вырабам чаго‑н. Жыва прыпамінаю маіх сяброў-аднапалчан. Вясёлыя хлопцы кашубы-рыбакі, рамеснікі, сяляне. Брыль. Усе аматары .. былі рамеснікі з Камароўкі і прыходзілі ўвечары, каб адпачыць ад капылоў ды рубанкаў. «Полымя».

2. перан. Той, хто працуе без творчай думкі, па шаблону. Ацэнка з пункту гледжання толькі вартасці тэмы прыводзіць да паяўлення апавяданняў, якія не ствараюцца мастакамі, а робяцца рамеснікамі. Галавач.

3. Разм. Вучань рамеснага вучылішча. Маленькі рамеснік на змене бяссоннай пакрыў яго [танк] фарбай, як травы, зялёнай. Вялюгін. Некалі, гадоў дзесяць таму назад, чырванашчокага рамесніка Баравіка ён заўсёды называў Сашам. Шыцік.

раме́сніца, ‑ы, ж.

Жан. да рамеснік.

раме́сніцкі, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і рамесны. Рамесніцкі промысел. Рамесніцкае вучылішча. □ Напярэдадні XVI стагоддзя Мінск ператвараецца ў важны гандлёвы і рамесніцкі горад. «Полымя».

2. Які мае адносіны да рамесніцтва (у 2 знач.), рамесніка (у 2 знач.), уласцівы ім. Рамесніцкі падыход да мастацтва. □ А. Ністаў лічыў ворагамі сапраўднага рэалістычнага мастацтва рамесніцкія штампы, халодную абыякавасць і банальнасць, напышлівую дэкламацыю. «Маладосць».

раме́сніцтва, ‑а, н.

1. Занятак рамяством, саматужнай работай.

2. перан. Работа без творчай ініцыятывы, па ўстаноўленаму шаблону. Мастак — паняцце, якое выключае рамесніцтва. «Полымя».

раме́снічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Займацца рамяством; быць рамеснікам (у 1 знач.). [Валодзя:] — Нам бы цяпер друкарню... Хоць бы маленькую, на шматтыражку.. Гэта справа размаху патрабуе, а мы пакуль што рамеснічаем. Новікаў.

2. перан. Працаваць без творчай ініцыятывы; быць рамеснікам (у 2 знач.).

раме́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да рамяства (у 1 знач.), рамесніка (у 1 знач.), звязаны з імі. Жывуць там шаўцы, краўцы, бондары, цесляры, — люд рамесны — сядзяць на месцы, іх і за вуха з тае Назараўкі не выцягнеш. Б. Стральцоў.

2. Які рыхтуе кадры кваліфікаваных рабочых. Рамеснае вучылішча. Рамесная школа.

ра́мі, нескл., н.

Субтрапічная расліна сямейства крапіўных, з доўгім і моцным валакном, якое ідзе на вытворчасць тэкстыльных вырабаў асаблівай трываласці.

[Малайск.]

рамі́з, ‑у, м.

1. У некаторых картачных гульнях — недабор пэўнай колькасці бітак, а таксама штраф за такі недабор.

2. Паўторны папераджальны ўдар у фехтаванні.

[Фр. remise.]