радка́вы, ‑ая, ‑ае.
Абл. Радкаваты. Дожджык быў малы і радкавы, але калі парывамі налятаў вецер, то невялікія і рэдкія кроплі секлі ў твар, як шротам. Дамашэвіч.
радко́вы, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з пасевам або пасадкай радкамі. Радковая сяўба, пасадка бульбы гнездавым спосабам зрабілі поле такім, як бы хто дбайнаю, умелаю рукой даў кожнаму каліўцу сваё месца. Броўка. Вясною значная частка зямлі была засеяна радковай сеялкай. Паслядовіч.
радко́м, прысл.
Разм. У адзін рад. А як ужо пачне змяркацца І зоркі ў небе замігаюць, Пужаць іх страхі пачынаюць. Тады браты радком садзяцца, Плячо ў плячо, але прызнацца, Што страшна ім, ніхто не хоча. Колас.
радні́цца, раднюся, роднішся, родніцца; незак.
1. Уступаць у адносіны роднасці з кім‑н. Не хацеў радніцца з Вайцехам Андрэй... Пташнікаў. Берберы ў гарадах апраналіся, як рымляне, насілі рымскія імёны, радніліся з рымскімі пасяленцамі. В. Вольскі.
2. Мець падабенства; збліжацца. Мардва па мове раднілася больш з «рускімі» — окала. Васілевіч. Вершы Купалы перыяду 1905–1907 гг. .. родняцца з аналагічнымі творамі Някрасава. Івашын.
радні́ць, радню, родніш, родніць; незак., каго-што.
1. Ствараць адносіны роднасці паміж кім‑н. Радніць адну сям’ю з другой.
2. Рабіць блізкім па духу, перакананнях і пад. — Толькі шчырасць збліжае, родніць людзей на ўсё жыццё. Шамякін. [Салдат] адчуў нешта такое, што радніла яго з гэтым незнаёмым, але ўжо блізкім таварышам. Сабаленка.
3. Рабіць падобным, сходным; збліжаць. Тут, дарэчы, ёсць нешта такое, што родніць .. [Багдановіча] з Лермантавым, паэтам, які, як і Багдановіч, надзелены выключнай інтэнсіўнасцю духоўнага жыцця, нават раннія праяўленні якога здзіўляюць сваёй глыбінёй. М. Стральцоў.
радно́, ‑а, н.
Тоўстае палатно з пянькі або грубай ільняной пражы, а таксама выраб з такога палатна. Колькі год рукі [маці] зналі адно: Жалі, есці варылі, Бульбу чысцілі, ткалі радно, Цыравалі ды шылі. Гілевіч. Сухоцкі з Якімкам адшукалі дзедаў будан і адкінулі радно, што прыкрывала ўваход. Курто.
радня́, ‑і, ж.
1. зб. Родныя, сваякі. Да палкоўніка адразу прыехала радня: родная сястра, жонка, нейкі яшчэ малады чалавек. Чорны. Абапал маладых садзяцца шафёры і шаферкі. Потым сваты і свацці, а далей ужо блізкая і далёкая радня. Асіпенка.
2. Разм. Родны (родная), сваяк (сваячка). Здавалася, нібы ўсе яны [людзі і малпы] адчувалі, што даводзяцца адзін аднаму раднёй. Маўр. Можа, ён быў яму нейкая радня, а можа і што-небудзь іншае звязвала іх, але гэты бялявы хлопец быў для оберста не толькі дзеншчыком. Шахавец. // перан. Аб кім‑, чым‑н. падобным у якіх‑н. адносінах. Я ў Новай Рызе — зусім як дома, бо з новым Мінскам яна радня. А. Вольскі.
радня́ны, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з радна. На нагах [у хлапчукоў] смешна варушыліся радняныя нагавіцы. Колас.
радо́вішча, ‑а, н.
Прыроднае скопішча карысных выкапняў; залежы, паклады. Радовішча алмазаў. Радовішча жалеза.