Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неўраджа́й, ‑ю, М ‑джаі, м.

Дрэнны, нізкі ўраджай; недарод. У мужыка неўраджай, а тут яшчэ пану дай. Прыказка.

неўраджа́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць або якасць неўраджайнага; нізкая ўраджайнасць.

неўраджа́йны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і неўрадлівы. Зямлі мала, зямля неўраджайная, голы пясок. Колас.

неўрадлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць неўрадлівага. Неўрадлівасць глебы.

неўрадлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, на якім культурныя расліны не могуць даваць добрага ўраджаю; які не вызначаецца ўрадлівасцю. Зямля тут неўрадлівая, пясок, нічога расці не хоча. Крапіва. // Які не ўрадзіў, які не абяцае добрага ўраджаю. Нават дзе і не было пустазелля, жытцо стаяла дробненькае, неўрадлівае. Кулакоўскі.

2. Які вызначаецца дрэнным ураджаем. У нейкай вёсцы.. [Надзю] пакінулі — ці то ў сваякоў, ці то ў знаёмых. Казалі, быў неўрадлівы год, не хапала хлеба... Бураўкін.

неўразуме́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які вырашае неўразуменне. Неўразумелы стан. □ З усіх бакоў абкладвала зямлю глухая ноч, непагадзь, халадэча і цьмяная, неўразумелая трывога. Быкаў.

неўразуме́нне, ‑я, н.

Разм. Здзіўленне, азадачанасць з прычыны неразумення чаго‑н., сумнення ў чым‑н. Янка ў сваю чаргу паціснуў плячамі і ў поўным неўразуменні прамовіў: — Дык што ж гэта значыць? Колас. Карызна паглядзеў на.. [Зеленюка] з глыбокім неўразуменнем. Зарэцкі.

неўразуме́нны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які вырашае неўразуменне. Лялькевіч, злавіўшы яе [Сашы] неўразуменны позірк, растлумачыў: — Гэта той, .. каго хлопцы завуць Старым. Шамякін. Неўразуменнымі, спалоханымі вачыма ўтарапіўся .. [мой брат] у незнаёмых, .. што крычалі на розныя галасы нешта незразумелае, але яўна злоснае. Мехаў.

неўралагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да неўралогіі. Неўралагічная клініка. Неўралагічныя даследаванні.

неўралгі́чны, ‑ая, ‑ае.

Выкліканы неўралгіяй, звязаны з неўралгіяй. Неўралгічны боль.