Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

непадыхо́дзячы, ‑ая, ‑ае.

Такі, які не падыходзіць, не адпавядае каму‑, чаму‑н.; непрыгодны. Непадыходзячыя ўмовы.

непажада́на,

1. Прысл. да непажаданы.

2. безас. у знач. вык., каму і без дап. Не трэба, не хацелася б. Жыць у адным доме ім непажадана.

непажада́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць непажаданага.

непажада́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога не жадаюць, які не адпавядае чыім‑н. жаданням, інтарэсам. Непажаданы госць. □ Гутарка прымае непажаданы напрамак. Сергіевіч. Калі выяўляліся непажаданыя настроі.., дык адразу прымаліся і належныя меры. Лынькоў.

непазбе́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непазбежнага; немінучасць. [Мяснікоў:] — Сацыялізм з такой жа непазбежнасцю прыйдзе на змену капіталізму, як дзень прыходзіць на змену ночы. Гурскі.

непазбе́жны, ‑ая, ‑ае.

Які вынікае з даных, пэўных абставін; якога нельга пазбегнуць; немінучы. Набліжаўся канец шпітальнаму жыццю, набліжаўся паход, магчыма, цяжкі, самаахвярны, але непазбежны. Кулакоўскі. Я не раз здзіўляўся, як спрытна ўнікалі шафёры амаль непазбежных аварый. Мележ.

непазбы́ўнасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць непазбыўнага.

непазбы́ўны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Такі, які не праходзіць, ад якога цяжка пазбавіцца. Увечары зноў за сцяною гучала песня, зноў муціў мяне непазбыўны сум. Дуброўскі. Якое гэта непазбыўнае гора, калі, падначаленая волі бацькоў, дзяўчына ахвяруе сваім каханнем! Куляшоў.

непазнава́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непазнавальнага.

непазнава́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяніўся настолькі, што яго цяжка пазнаць. Цяжка было паверыць, што гора можа за суткі зрабіць чалавека непазнавальным. Ваданосаў. Міне некалькі дзесяткаў гадоў, і пустыні стануць непазнавальнымі. Гавеман.

2. Недаступны пазнанню. У свеце няма нічога непазнавальнага.