Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гасуда́рыня, ‑і, ж.

Жан. да гасудар.

гасці́на, ‑ы, ж.

Нар.-паэт. і абл.

1. зб. Госці. Па бяседзе.. уся гасціна высыпала на двор. Вітка.

2. Прыём гасцей, частаванне. Усяго стаяла досыць для гасціны: Нават мёд быў і чмяліны і пчаліны. Багдановіч.

3. Знаходжанне ў гасцях, гасцяванне. Два дні і дзве ночкі Быў Іван у гасціне, — У тузе-сумоце Пакінуў дзяўчыну... Чарот.

гасці́ная, ‑ай, ж.

Пакой для прыёму гасцей (у 1 знач.). Пісарава гасціная ярка асвятлялася дзвюма лямпамі. Колас. // Агульны пакой для адпачынку, прыёму наведвальнікаў у інтэрнатах, дамах адпачынку і пад. Усё тут зроблена для карыснага і добрага адпачынку, усё вабіць вока: утульныя палаты.., гасціныя, усланыя дыванамі. «Звязда».

гасці́нец 1, ‑нца, м.

Рэч, ласунак і пад., якія госць або блізкі падносяць каму‑н. як падарунак. Сцёпка паважна расчыніў чамадан і выняў адтуль вялікую суконную хустку — гасцінец для маткі. Колас. Поруч у дзвюх кадушках ляжалі пахучыя антонаўкі, чырванабокія, аж сіняватыя цыганкі, бары — гасцінцы дзецям на ёлку. Васілевіч.

гасці́нец 2, ‑нца, м.

Вялікая бойкая дарога, звычайна абсаджаная дрэвамі; шлях, тракт. Сама дарога — стары гасцінец — была абсаджана тоўстымі ліпамі ўперамежку з клёнамі і таполямі. Чарнышэвіч. Беларускія бярозы Абапал гасцінца Калыхалі думкі шумам Хлапчуку-ўкраінцу. Купала.

гасці́ніца, ‑ы, ж.

Дом з мэбляванымі пакоямі для часовага пражывання прыезджых. Пасяліцца ў гасцініцы.

гасці́нічны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гасцініцы. Гасцінічная мэбля. Дом гасцінічнага тыпу.

гасці́ннасць, ‑і, ж.

Жаданне, гатоўнасць прыняць гасцей і пачаставаць іх; ветлівасць, сардэчнасць у абыходжанні з гасцямі. На твары [Дашчынскай] — бесклапотнасць і ветлівая гасціннасць гаспадыні, што ўзрадавана сябрам. Асіпенка. Пагасцілі госці Ды дзяўчыне кажуць: — Дзякуй за частунак, За гасціннасць вам. Русак.

гасці́нны, ‑ая, ‑ае.

Які любіць прымаць і частаваць гасцей. Як родных братоў, як самых шчырых сяброў, сустракае гасцінны беларускі народ пасланцоў сонечнай Малдавіі, цудоўных песняроў нашай савецкай рэчаіснасці. «Звязда». // Прыветны, сардэчны. Гасцінны дом. Гасцінная сустрэча.

гасці́ны, ‑ая, ‑ае.

У выразе: гасціны двор — гандлёвыя рады ў спецыяльным будынку.

гасці́цца, госціцца; безас. незак., каму.

Разм. Пра стан, адчуванне каго‑н. у гасцях. — Ну, як жа вам, панічок, гасцілася? — пытала бабка Лабановіча. Колас.