вастратва́ры, ‑ая, ‑ае.
З вузкім, худым тварам. Вастратварая жанчына.
вастрахво́сты, ‑ая, ‑ае.
З вузкім, вострым хвастом. Вастрахвостая птушка.
вастрыё, ‑я, н.
1. Тонкі завостраны канец якога‑н. прадмета. Вастрыё іголкі, штыка.
2. Востры рэжучы бок, край якой‑н. прылады; лязо. Вастрыё нажа. □ — Фабрычная? — нібы пацікавіўся я і выцягнуў у старога з-за пояса сякеру, паспрабаваў пальцам вастрыё. Карпюк.
3. перан.; чаго. Самае істотнае ў чым‑н., накіраванае супроць чаго‑н. Вастрыё сатыры. □ Думка пісьменніка сваім ідэйным вастрыём была накіравана супроць царскай палітыкі прыгнечання і дыскрымінацыі беларускага народа. Ларчанка.
вастры́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Прылада для вастрэння, праўкі алоўкаў.
вастры́льны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для вастрэння якіх‑н. інструментаў. Вастрыльныя прылады.
вастры́льшчык, ‑а, м.
Рабочы, які вострыць рэжучыя інструменты.
вастрыня́, ‑і, ж.
1. Уласцівасць вострага (у 1, 3, 4, 7 і 8 знач.). Вастрыня нажа. Вастрыня ўспамінаў перажытага. Вастрыня зроку. Вастрыня позірку. Вастрыня драматычнага канфлікту. □ З гадамі ў мяне не прытупіўся зрок, І вастрыні пачуццяў я не трачу. Грахоўскі. Вастрыня першага болю прайшла, аднак забыцца на тое, што давялося перажыць, [Булаўка] не мог. Пальчэўскі.
2. перан. Разм. Надзённасць, актуальнасць. Пад канец рабочага дня Юрка ўзяў з маіх рук двойчы перапісаныя мною допісы, прачытаў і сказаў: — На першы раз нішто сабе, але трэба больш палітычнай вастрыні. Сабаленка.
вастры́ца, ‑ы, ж.
Невялікі гліст, які паразітуе ў кішэчніку чалавека.
вастры́цца, вострыцца; незак.
Зал. да вастрыць (у 1 знач.).
вастры́ць, вастру, вострыш, вострыць; незак., што.
1. Рабіць што‑н. вострым. Вастрыць нож. Вастрыць аловак. □ Рабочыя разышліся па месцах і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Гартны.
2. перан. Рабіць што‑н. больш успрымальным. Вастрыць слых.
•••
Вастрыць зброю — рыхтавацца да ўзброенага нападу на каго‑н., да вайны.
Вастрыць (тачыць) зуб (зубы) — а) на каго. Маючы злосць на каго‑н., імкнуцца нашкодзіць яму, нарабіць непрыемнасцей; б) на што. Мець вялікае жаданне завалодаць чым‑н., захапіць што‑н.