разганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да разагнаць.
разга́р, ‑у, м.
1. Пара самага высокага развіцця, самага моцнага праяўлення чаго‑н.; момант найвышэйшага напружання чаго‑н. Вясна ў разгары. Ціха і цёпла. Гаўрылкін. Вяселле было ў самым разгары, калі Фёдар Цімафеевіч раптам падняўся з-за стала і сказаў: — Вы тут, дарагія госцейкі, гуляйце, гуляйце, весяліцеся, а я пайду.. Васілёнак. — Калона бронемашын! — у самы разгар бою далажылі нашы разведчыкі, і камандзір выпусціў зялёную ракету — сігнал да агульнага адступлення. Карпюк.
2. Спец. Акісленне ўнутранай паверхні ствала гарматы ад прарыву парахавых газаў.
разгарадзі́цца, ‑раджуся, ‑родзішся, ‑родзіцца; зак.
1. Аддзяліцца адзін ад другога якой‑н. перагародкай. Разгарадзіцца з суседам парканам.
2. Разм. Разбурыцца, знішчыцца, ліквідаваць (пра загароды, перагародкі). Вось разгарадзіцца граніца, Бо панскі лад, вер, не даўгі. Колас.
3. Разм. Абнесці загародай вялікую плошчу.
разгарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.
1. Раздзяліць якой‑н. перагародкай, загародай; перагарадзіць. Разгарадзіць хату на дзве палавіны.
2. Разбурыць, разабраць тое, чым перагароджана, загароджана што‑н. Разгарадзіў .. [Сомік] верхнюю засаўку, каб лягчэй было свінні пераскочыць. Крапіва. // Зняўшы перагародку ліквідаваць надзел чаго‑н. — Трэба скінуць панскія загарадкі з зямлі, разгарадзіць яе. Галавач.
разгара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да разгарэцца.
разгара́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад разгарачыць.
2. у знач. прым. Разагрэты (работай, хадой і пад.); гарачы. З зямлі патыхала вячэрнім спакоем, мокры мяшок з рыбаю прыемна студзіў разгарачаную спіну. Капыловіч. Хлопчык сцябаў і сцябаў разгарачанага каня, пакуль не паглыбіўся далёка ў лес. Курто. // перан. Узбуджаны, растрывожаны. Разгарачаная фантазія Дзічкоўскага зусім разгулялася. Алешка. // Які выяўляе ўзбуджанасць, растрывожанасць. — Прызямліліся, тата? — бліснуўшы разгарачанымі вачыма, спытаў Алег. Гамолка.
разгарачы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Адчуць жар; разагрэцца. — Аднойчы .. разгарачыўся дзед, выпіў конаўку халоднай вады, а цераз дзень і сканаў. Лужанін. // перан. Дайсці да стану ўзбуджэння, узрушэння, раздражнення. — Здурнеў саўсім! Як разгарачыцца, сам не помніць, што кажа! Мележ.
разгарачы́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
Разагрэць каго‑н., чыё‑н. цела. Бег разгарачыў цела. Работа разгарачыла хлопца. // перан. Узбудзіць, узрушыць. — Чаму гэта абавязвае нас [Максіма і Андрэя], а цябе не? — каб яшчэ больш разгарачыць сябра, спытаў Максім. Машара.
разга́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да разгарэцца.
разгарла́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Разм. Тое, што і разгарлапаніцца. — От лепш садзіся ды еш, а то сам разгарланіўся, як той Дзейкун, — зноў перапыніла .. [мужа] Ганна Пятроўна. Паслядовіч.