перагле́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перагледзець.
перагле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць, зак., каго што.
1. Агледзець, дагледзець усё, многае або ўсіх, многіх. Артур палез па кішэнях шукаць Наталлінага адраса. Уміг ён перагледзеў некалькі замурзаных блакнотаў, памятых .. паперак і — дарэмна. Гартны. І вось Янка ў кабінеце дырэктара. Ён пачакаў, пакуль той перагледзеў нейкія паперкі, потым кашлянуў. Прокша. // Прагледзець нанава, яшчэ раз з мэтай праверкі. Тамаш зноў хутка перагледзеў прыёмнік ... і зноў навушнікі маўчалі, нібы нямыя. Краўчанка. [Сяргей Сяргеевіч:] — У пятніцу вечарком я накапаў чарвякоў, перагледзеў снасці, а назаўтра .. мы ўжо кацілі на Змітраковым «буланчыку» па гладкай шашы на ўлюбёныя мясціны майго сябра — прыгожы высокі бераг Бярэзіны. Ляўданскі.
2. Разгледзець, абмеркаваць што‑н. нанава, яшчэ раз для ўнясення якіх‑н. змен, паправак. Перагледзець штаты устаноў. Перагледзець нормы выпрацоўкі. □ Само жыццё прымусіла пісьменніка перагледзець твор, бо рэчаіснасць дала яму новы цікавы матэрыял. Кучар. — Дзеля справядлівасці, даражэнькі, трэба перагледзець табе тваё рашэнне, — хмурачыся, казаў далей Гапоненка [Міхалу Пятровічу]. Капусцін.
пераглу́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пераглушыць.
пераглушы́ць, ‑глушу, ‑глушыш, ‑глушыць; зак., каго-што.
Разм.
1. Моцным шумам аглушыць усіх, многіх.
2. Пабіць, перабіць усіх, многіх.
пераглыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Паглытаць усё, многае.
перагля́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераглядаць — перагледзець.
перагляда́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераглядаць — перагледзець.
перагляда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да пераглянуцца.
2. Зал. да пераглядаць.
перагляда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перагледзець.
перагля́дванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераглядвацца — пераглянуцца.