Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тарара́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да тарарахнуць.

тарара́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм. З сілай стукнуцца аб што‑н., з шумам упасці куды‑н.

тарара́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Загрукацець, загрымець. // Моцна стукнуцца. І мядзведзь галавой тарарахнуў аб дуб. Бядуля.

2. каго. Моцна ўдарыць каго‑н.; выстраліць у каго‑н.

тарара́хтаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і тарахцець. Тарарахтаў поезд па незнаёмаму беламу стэпу. Бядуля.

тарасі́цца, ‑росіцца; незак.

Грувасціцца таросамі (пра лёд).

тарасі́ць, ‑росіць; незак., што.

Нагрувашчваць таросы.

тарата́йка, ‑і, ДМ ‑тайцы; Р мн. ‑таек; ж.

Разм. Лёгкая на двух колах павозка. Цяжка сказаць, што бацька любіў больш: грошы, якіх у яго на пачатку было, відаць, ніштавата, ці гонар — запрэжаную паркай рысорную таратайку. Навуменка.

тарато́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм. Гаварыць вельмі хутка, скарагаворкай. Пыжык безупынку тараторыў. Курто. [Люба] тараторыла без канца, расказвала аб дзяўчатах .. і малола, малола ўсякае глупства. Лынькоў.

тарахце́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле дзеясл. тарахцець (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Ідзе Вайцех і не чуе ён ні тарахцення колаў, ні таго, што ў кустах заліваюцца салаўі. Пташнікаў.

тарахце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.

Разм.

1. Утвараць рэзкія раскацістыя гукі. У Петрыкаве пяюць пеўні, гаўкаюць сабакі, тарахціць, лапоча матор матацыкла. Сачанка. Сям-там скрыпеў журавель або тарахцела круцёлка над студняй. Брыль. Па бруку тарахцелі падводы і зварочвалі ў браму рынку. С. Александровіч.

2. перан. Хутка, гучна, несупынна гаварыць; балбатаць. Не пераставаў .. [Тарас Іванавіч] тарахцець і тады, калі селі за стол. Колас. — Мы з Чэрыкава. А вы здалёку? — тарахцела .. [Юля]. Васілевіч.