Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

варо́жасць, ‑і, ж.

Адносіны і дзеянні, прасякнутыя непрыязнасцю, нянавісцю. Саша адкінулася, і вочы яе бліснулі праз слёзы іскрамі гневу і варожасці. Шамякін. Варожасць — самае горшае ў свеце людскім пачуццё. Вярцінскі.

варо́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі непрыязны, поўны варожасці, нянавісці. Варожыя адносіны. Варожы позірк. □ Лес рабіўся больш і больш непрыхільным, чужым, .. варожым. Колас. // Які знаходзіцца ў стане варожасці. Варожыя класы.

2. Непрыяцельскі. Хутка танкі прарваліся ў варожы тыл. Мележ. Вестка аб акружэнні з хуткасцю маланкі даляцела і да варожай абароны, наганяючы смяртэльны жах і дэзарганізуючы абарону. Якімовіч.

варо́на, ‑ы, ж.

1. Птушка сямейства крумкачовых з чорна-шэрым або чорным апярэннем. Вароны на балоце — гаспадар на рабоце. Прыказка.

2. перан. Разм. Пра нерастаропнага, нехлямяжага чалавека.

•••

Белая варона — пра чалавека, які рэзка выдзяляецца чым‑н. сярод іншых.

Варон страляць (лавіць, лічыць) гл. страляць.

Варона загуменная — тое, што і варона (у 2 знач.).

Дурная варона (лаянк.) — пра чалавека, які нешта недагледзеў, не зразумеў, выявіў сваю нерастаропнасць.

(Як) мокрая варона — пра збянтэжанага, разгубленага чалавека.

варо́нін, ‑а.

Які належыць вароне. Вароніна гняздо. Вароніны яйцы.

варо́ніць (звычайна ў інф. або заг.); незак.

Разм. Быць нерастаропным, зяваць. Цяпер не варонь, паварочвайся і рыхтуйся сыходзіць. Жычка.

варо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Яма, утвораная разрывамі снарадаў, мін і пад. У варонках ад снарадаў поўна ржавай вады. Гурскі. Яшчэ да залпаў.. [Андрэй] заўважыў непадалёку свежую варонку ад бомбы. Кулакоўскі.

варо́тніца, ‑ы, ж.

Тое, што і падваротніца. Сабака моўчкі вылез з-пад варотніцы і, віляючы хвастом, пачаў лашчыцца. Галавач.

варо́тны, ‑ая, ‑ае.

Спец. У выразе: варотная вена — буйны вянозны сасуд, які нясе кроў у вароты печані.

варо́тцы, ‑аў; адз. няма.

1. Памянш. да вароты; невялікія вароты.

2. Уваход у двор пры варотах або пры браме; брамка, веснічкі. Тут пачуўся званок, бразнулі варотцы і з’явіўся збянтэжаны Уладзімір Кавальскі. Хведаровіч.

варо́ты, ‑аў; адз. няма.

1. Шырокі праезд у сцяне, плоце, які закрываецца створкамі або закладваецца жардзінамі. У варотах мільганулася жаночая постаць з вёдрамі. Колас. Гумно на двое варот — не гумно, а гмах. Чарнышэвіч. // Створкі, якімі закрываецца такі праезд. Вароты ў двор ужо былі насцеж адчынены. Краўчанка. Падышлі [браты] да сцяны, а ў ёй жалезныя вароты на замку. Якімовіч.

2. У спартыўных гульнях — строга акрэсленая і вылучаная частка прасторы на полі, якая абараняецца кожнай камандай. Футбольныя вароты. □ Пачалася гульня. Мы перадавалі мяч адзін аднаму, потым білі па варотах. Васілёнак. // Вузкі праход паміж скаламі (на моры, у гарах). Царскія вароты. Байдарскія вароты.

3. перан. Пункт, праз які ажыццяўляецца інтэнсіўная сувязь з навакольныя светам. Марскія вароты. □ Брэсцкі вакзал вобразна называюць варотамі нашай Радзімы. «Звязда».

4. Спец. Месца ўваходу ў які‑н. орган ці выхаду з яго крывяносных і лімфатычных сасудаў. Вароты печані.

•••

Ад варот паварот гл. паварот.

Вароты пірагамі падпёрты дзе, у каго — пра багатае прывабнае месца.

Не лезці ні ў якія вароты гл. лезці.