Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распалаві́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Разм. Раздзяліць прыблізна напалам. Моўчкі кожны [рабочы] распалавініў свой атрыманы капітал. Мурашка. У штабе арміі, што размясціўся часткова ў вёсцы, часткова ў лесе, у наспех абсталяваных бліндажах і ў крытых машынах, каманду распалавінілі. Хадкевіч.

распалаві́ньвацца, ‑аецца.

Незак. да распалавініцца.

распалаві́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да распалавініць.

распаласава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад распаласаваць.

распаласава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго-што.

Разм. Разарваць, разрэзаць на палосы, уздоўж. Кінуў [Раманка] палена, жыўцом распаласаваў на грудзях сарочку і пусціўся да ракі. Пташнікаў. Мяшкі хтосьці распаласаваў нажом. Паўлаў. // Нанесці глыбокую рану ў выглядзе паласы; рассячы, разарваць. Ледзь адбіўся ад .. [ваўкоў] Хвошч, дваім распаласаваў віламі жываты, а тады сам пакаўзнуўся ў лужыне. Лупсякоў. Як агледзець вокам, выхапіў [Зазыба] у канвойнага шаблю і пачаў секчы ёю з усяго пляча махноўцаў — спярша распаласаваў свайго канвойнага. Чыгрынаў. / у перан. ужыв. Залатым зігзагам маланка распаласавала неба. Стаховіч.

распаласо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да распаласаваць.

распала́цца, ‑аецца; зак.

Пачаць ярка палаць. Раптам хмарка ўспыхнула ўдалечы Ад агню, Што распалаўся ў печы. Бічэль-Загнетава.

распа́лачны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаецца, служыць для распалкі.

распа́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад распаліць.

2. у знач. прым. Моцна нагрэты; вельмі гарачы. Распалены прас. □ Сонца як не плавілася. Здавалася, з яго, як з распаленага жалеза, не промні ліліся, а сыпаліся іскры-апаліны, быццам па ім білі молатам. Сабаленка. Ад яе [печкі] распаленых сцен па ўсёй старожцы разліваецца прыемная цеплыня. Ігнаценка.

3. у знач. прым. Моцна ўзбуджаны, расхваляваны; разгарачаны. [Таццяна] стаяла сярод баб распаленая, вясёлая, прыгожая і ўсміхалася Зеленюку. Зарэцкі.

распалі́цца, ‑палюся, ‑палішся, ‑паліцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Моцна нагрэцца ад агню, жару, спёкі. Праз некалькі хвілін чыгунная печ гудзела на ўсю хату, а бляшаная труба распалілася аж дачырвана. Шашкоў. І хоць час быў яшчэ ранні, усё вакол паспела ладна пагрэцца. Асабліва распаліліся рэйкі, — гэта адчувалася нават праз абутак. Васілёнак.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць гарэць, разгарэцца. Дровы распаліліся.

3. перан. Моцна ўзрушыцца, расхвалявацца; разгневацца. Гендарсан распаліўся да таго, што гатовы быў сам біць мужыкоў. Чарнышэвіч. Лявон яшчэ больш распаліўся і, рвануўшы рукі ўніз і наперад, абшчапіў Ціханава тулава тугім абручом. Б. Стральцоў.