Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разга́дчыца, ‑ы, ж.

Жан. да разгадчык.

разгайда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца і разго́йдацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Пачаць моцна гайдацца (гойдацца), хістацца з боку ў бок або ўніз і ўверх. Лодка разгойдалас’я. □ У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы, Разгайдалася хмурынак бель. Караткевіч.

разгайда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і разго́йдаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Рухаючыся туды-сюды, прымусіць гайдацца (гойдацца). Разгайдаць маятнік. □ Тут адразу ўзняўся вецер, Разгайдаў шырокі Сож. Кірэенка.

2. Гайдаючы (гойдаючы) каго‑, што‑н., надаць яму сілу інерцыі для кідання, штуршка і пад. Разгайдаць за рукі-ногі і кінуць у ваду.

разга́лак, ‑лку, м.

Абл. Месца, дзе што‑н. разгаліноўваецца ў розныя бакі; разгалінаванне. Крыж, што стаяў у пяску на разгалку дарог, абгарэў, счарнеў. Мележ.

разгаласі́цца, ‑лашуся, ‑лосішся, ‑лосіцца; зак.

Пачаць моцна і доўга галасіць. Толькі зрэдку між крыжамі разгалосіцца ўдава. Колас.

разгалёкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Раскрычацца, звычайна завучы каго‑н. — Пеця! Петрык! Пятро! І дзе ён дзеўся? От шалапут! — Ну чаго ты разгалёкаўся? Тут я. Скрыпка.

разга́ліна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і развіліна. [Яфрэйтар] бачыў каменне, нейкія разгаліны з дрэва, якісьці кавалак жалеза. Лынькоў. На разгаліне дарог .. генерал-палкоўнік спыніў машыну, развітаўся з шафёрам і пайшоў далей пешшу. Мележ.

разгалінава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разгаліноўваць — разгалінаваць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. разгаліноўвацца — разгалінавацца. // Месца, дзе што‑н. разгаліноўваецца ў розныя бакі. На разгалікаванні дарог.. [Пеця] павярнуў на бальшак, які вёў да вёскі, і прыбавіў кроку. Сіняўскі.

2. Частка ствала, сцябла, дзе разыходзяцца ў розныя бакі галіны, парасткі. // Пра тое, што нагадвае частку ствала з галінамі. Гледзячы на густое разгалінаванне рэк і рачулак, нельга было не здзівіцца той мудрасці, з якой прырода паклапацілася аб гэтым краі. Данілевіч.

3. Адгалінаванне, галіна чаго‑н. (якой‑н. установы, арганізацыі і пад.).

разгалінава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разгалінаваць.

2. у знач. прым. Які мае многа галін, разгалінаванняў. І калі б ні падышоў да гэтай разгалінаванай яблыні, успамінаецца першы дзень вайны. Мыслівец.

3. у знач. прым. Які мае разгалінаванні, які складаецца з вялікай колькасці аддзелаў, аддзяленняў, размешчаных у розных месцах (пра ўстановы, арганізацыі і пад.).

разгалінава́цца, ‑нуецца; зак.

1. Даць галіны (пра расліны). Старая хвоя разгалінавалася ў два бакі, тоўстыя лапы вычварна выгнуліся. Лужанін.

2. перан. Раздзяліцца на некалькі частак, ліній, напрамкаў, якія ідуць з аднаго пункта ў розныя бакі.