Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разгадава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., каго-што.

1. Старанна даглядаючы, забяспечыць рост, развіццё каго‑, чаго‑н. Разгадаваць сад. □ [Васіліса:] А ты толькі і ведаеш сваіх коней. Разгадаваў, як на выстаўку. Гурскі.

2. Выгадаваць у вялікай колькасці, распладзіць. Разгадаваць свіней.

разгада́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разгадаць.

разгада́цца, ‑аецца; зак.

Аказацца разгаданым; стаць ясным, зразумелым. Так Шабуня нічога і не ўведаў ад Кірылы. Загадка разгадалася вечарам. Чарнышэвіч. Прычына яго [Васіля Кузьміча] смеласці хутка разгадалася: ён быў крышачку выпіўшы. Лобан.

разгада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Па якіх‑н. прыкметах, дадзеных зразумець сэнс чаго‑н. няяснага, незразумелага для каго‑н., уясніць значэнне, характар каго‑, чаго‑н. Разгадаць намеры. Разгадаць сон. □ Эх, шляхі, родныя шляхі! Хто перакажа нам вашы казкі, разгадае думкі, назбіраныя і напісаныя часамі на камлях вашых прысад? Колас. Янка Купала быў першым, хто чуццём геніяльнага мастака разгадаў у Багдановічу выдатнага паэта. Майхровіч.

2. Знайсці правільны адказ на што‑н. загаданае; адгадаць. Разгадаць загадку. Разгадаць рэбус.

разга́дванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. разгадваць — разгадаць.

разга́двацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разгадацца.

2. Зал. да разгадваць.

разга́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да разгадаць.

2. Разм. Раздумваць, разважаць. — Нейкі тут далёкі ход задуманы, хлопцы, — мудра разгадваў Дзям’ян. Дуброўскі.

разга́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разгадваць — разгадаць.

2. Адказ, рашэнне загадкі, чаго‑н. тайнага, незразумелага; адгадка. І тады адразу прыходзіць да мяне разгадка. Сорам! Вось што ёсць у гэтай наўмыснай грубаватасці Міхася. Савіцкі.

разгадо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разгадаваць.

разга́дчык, ‑а, м.

Той, хто ўмее разгадваць, хто разгадвае што‑н.