тапле́нне 1, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. тапіць 2.
тапле́нне 2, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. тапіць 3.
таплёны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і топлены. Таплёны воск.
тапля́к, ‑а, м.
Разм. Бервяно, якое доўгі час праляжала пад вадою. Шукаць язёў трэба ў ямах пад абрывістымі берагамі, у вусцях ручаёў і рэчак, а таксама ў глыбокіх плёсах з заваламі карчоў і таплякоў. Матрунёнак. У круглым тупіку мая блешня зачапілася за тапляк на дне. Ігнаценка.
тапо́граф, ‑а, м.
Спецыяліст у галіне тапаграфіі (у 1 знач.).
тапо́лаг, ‑а, м.
Спецыяліст у галіне тапалогіі.
тапо́левы і тапалёвы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да таполі, топаля. Таполевы ліст.
тапо́ля, ‑і; мн. тапо́лі, ‑яў; ж. і то́паль, ‑я і ‑ю; мн. то́палі, ‑яў; м.
1. ‑і, ж. і ‑я, м. Дрэва сямейства вярбовых. Пірамідальная таполя. □ Ціха пашумлівала .. лістамі маладая таполя. Кулакоўскі. Аднойчы .. [Лабановіч] заўважыў: летам у гарачы дзень падае снег! Гэта цвілі таполі і іх белы пух плаваў на ветры. Колас. Топаль, хоць і цвіце, насення не дае. «Беларусь».
2. ‑і, ж. і ‑ю, м.; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва.
тапо́нім, ‑а, м.
Назва якога‑н. геаграфічнага аб’екта пэўнай мясцовасці (населенага пункта, ракі, возера і пад.).
тапо́р, ‑пара, м.
Прылада для сячэння і склюдавання ў выглядзе насаджанай па драўляную ручку металічнай лопасці з вострым лязом з аднаго боку і з абухом з другога. Не чуваць стуку тапароў, людскога гоману на сядзібе. Пальчэўскі. Грымеў тапаром ён [цясляр], звінеў ён пілой Ды гэблікам шоргаў па дошках. Бялевіч. // Старадаўняя баявая зброя.
•••
Хоць тапор вешай гл. вешаць.