перагава́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Тое, што і перагаворвацца. Бабы суцяшалі жонку, паціху перагаварваліся і не пераставалі глядзець на дарогу, па якой ішоў на вайну яшчэ адзін чалавек. Чыгрынаў.
перагавары́ць, ‑вару, ‑верыш, ‑верыць; зак.
1. з кім. Абмяняцца думкамі аб кім‑, чым‑н., коратка пагаварыць. Перагаварыць з сябрам па тэлефоне. Перагаварыць адзін на адзін. □ Студэнты вылучылі дэлегацыю з пяці чалавек, якім даручана было перагаварыць з рэктарам універсітэта. Галавач.
2. пра што, што і без дап. Пагаварыць з кім‑н. пра ўсё, многае. І хоць шмат чаго перагаварылі яны за той вечар, аднак не ўсё расказаў Павел пра сябе. Пальчэўскі.
3. каго. Разм. Пагаварыць даўжэй, больш за іншых, прымусіць замоўкнуць іншых. Не хацелася сварыцца з Сашам .. — усё роўна, ведала, яго не перагаворыш. Васілевіч.
перагаво́р, ‑у, м.
1. толькі мн. (перагаво́ры, ‑аў). Дзелавы абмен думкамі пры высвятленні якіх‑н. пытанняў, умоў і пад. Дыпламатычныя перагаворы. □ Пачынаючы з верасня 1920 г. Савецкая Расія вяла мірныя перагаворы з Польшчай. «Весці».
2. Разм. Размова. — Дзе ж ты быў цэлы дзень? — запытала .. [Марта] мужа. — А табе цікава ведаць? — Вядома, што цікава! — Зося нібы не чула гэтых перагавораў: яна .. цішком сядзела на лаве, абапёршыся локцем на стол. Гартны. [Наганаў:] А ў мяне сёння на міжгародняй перагавор. Губарэвіч. // Кароткая спрэчка. [Кравец:] — Нешта перагавор з жонкаю быў? Жывучы, братачка, усяго бывае. Чорны.
перагаво́рванне, ‑я, н.
1. Размова, гутарка. Патаемнае перагаворванне прыгнятала Саўку і наводзіла на яго жудасць. Колас.
2. Паўтарэнне сказанага.
перагаво́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Абменьвацца кароткімі фразамі. Спачатку хлопцы сядзелі моўчкі і толькі зрэдку перагаворваліся шэптам, баючыся спудзіць рыбу. Ваданосаў. За сталом было шумна; госці ажыўлена перагаворваліся, жартавалі, смяяліся, казалі тосты. Каршукоў.
2. Зал. да перагаворваць (у 2 знач.).
перагаво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
1. Незак. да перагаварыць (у 3 знач.).
2. Паўтараць сказанае. Перагаворваць чужыя словы.
перагаво́рны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для размовы (па тэлефоне і пад.). Перагаворны пункт тэлефоннай станцыі.
перагаво́ршчык, ‑а, м.
Уст. Той, хто вядзе перагаворы з праціўнікам; парламенцёр.
перагада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Выказаць многія здагадкі, меркаванні. [Марыя:] — Ні я, ні бацькі мае нічога не ведалі пра яго [брата] з таго часу, як ён пайшоў у армію. Чаго толькі не перадумалі, чаго не перагадалі! Кулакоўскі.
перага́дзіць, ‑гаджу, ‑гадзіш, ‑гадзіць; зак., што.
Разм. Загадзіць усё, многае.