шасціты́сячны, ‑ая, ‑ае.
1. Ліч. парадк. да шэсць тысяч.
2. Які складаецца з шасці тысяч адзінак. Шасцітысячны атрад.
3. Разм. Коштам у шэсць тысяч рублёў. Шасцітысячны гарнітур.
шасціцалёвы, ‑ая, ‑ае.
Памерам у шэсць цалей. Шасціцалёвыя цвікі.
шасція́русны, ‑ая, ‑ае.
З шасцю ярусамі, гарызантальна размешчанымі адзін пад другім. Шасціярусная зорная тэраса.
шасць, выкл. у знач. вык.
Разм. Тое, што і шась (у 2 знач.). А тут раптоўна шэф вярхом аднекуль — шасць: Цікава паглядзець — а як страляе часць? Ці вока вернае, ці цвёрдая рука У чырвонага стралка? Крапіва. Нарэшце я рашыў даведацца, у чым справа. Падкраўся, дзверы — шасць — направа... І што б вы думалі? — пацук Скакаў па клавішах, мярзотнік, жартаўліва Іграў, што проста дзіва! Корбан.
шасцярны́, ‑ая, ‑ое.
Павялічаны ў шэсць разоў.
шасцярня́, ‑і; мн. шасцерні, ‑яў; ж.
1. Спец. Зубчастае кола, якое перадае рух. Забіраліся хлопцы часам і на іншыя фабрыкі, здымалі калёсікі і шасцерні, качалі іх па бязлюдных вуліцах. С. Александровіч.
2. Запрэжка ў шэсць коней.
шасцяры́к, ‑церыка, м.
1. Старадаўняя руская мера (вагі, аб’ёму і пад.), якая змяшчае шэсць якіх‑н. адзінак, а таксама прадмет такой вагі, аб’ёму і пад. Шасцярык пшаніцы. Цвік-шасцярык. Свечка-шасцярык.
2. Уст. і спец. Прадмет, які складаецца з шасці частак. Вяроўка-шасцярык. Нітка-шасцярык.
3. Запрэжка ў шэсць коней.
шасцярэ́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.
Тое, што і шасцярня. Шасцярэнька прывода. □ Куды цікавей былі .. [Міколку] розныя цацкі: гайкі, каменьчыкі, шасцярэнькі чыгунныя. Лынькоў.
шась, выкл.
Разм.
1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння шуму падзення чаго‑н. сыпкага, сухога. Шась, шась, шась... Шорхае жоўты пясок, сыплецца і сыплецца зверху, як дождж. Пташнікаў.
2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шаснуць. Мальвіна грукнула дзвярыма Ды бураю ў камору шась! Колас. І раптам — шась! — аднекуль з вышыні сыплецца снежны пыл. Краўчанка. Фурман шась нажом па пастронках, сеў на прысцяжнога каня і пагнаўся за хлопцам. Якімовіч.
шасэ́, нескл., н.
Тое, што і шаша. Да горада вяло шасэ, абсаджанае старымі разгалістымі асінамі. Мележ. Зялёнае аўто мякка ішло па шасэ. Мікуліч.
[Фр. chaussée.]