Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

танчэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. тонкі.

танчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

Разм. Станавіцца тонкім або больш тонкім. Паступова вяроўка танчэла і заканчвалася тоненькім пяньковым хвосцікам з дзесяткамі вузельчыкаў. Колас.

таню́сенькі, ‑ая, ‑ае.

Вельмі тоненькі. Аж гляджу — трымае мая Ганна аберучкі цэлы сувой палатна, танюсенькага, бялюсенькага, бы снег той. Кірэйчык. І чайкі, нібыта прачнуўшыся пасля працяглага сну, плакалі танюсенькімі галасамі. Карамазаў.

таню́ткі, ‑ая, ‑ае.

Вельмі, зусім тонкі. Міхал ідзе, сляды чытае: Вось тут танюткі ланцужок Лёг так прыгожа на сняжок — То пара кропак, то дзве рыскі. Колас.

тапаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тапаграфіі, прызначаны для тапаграфіі. Тапаграфічная карта. Тапаграфічны здымак.

тапагра́фія, ‑і, ж.

1. Раздзел геадэзіі, які вывучае паверхню зямлі і сродкі яе вымярэння і перадачы на плане або карце.

2. Паверхня якой‑н. краіны або мясцовасці і ўзаемнае размяшчэнне яе пунктаў, частак. Тапаграфія горада. □ У гэтай справе выключную ролю павінны былі адыгрываць партызаны, дасканала ведаўшыя тапаграфію месца. Колас.

[Ад грэч. topos — месца і graphō — пішу.]

тапа́з, ‑у, м.

Мінерал з групы сілікатаў, асобныя крышталі якога, дзякуючы бляску і прыгожаму колеру, выкарыстоўваюцца як каштоўныя камяні.

[Грэч. topazos.]

тапа́завы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тапазу, уласцівы яму. Тапазавы бляск. Тапазавая парода.

2. Зроблены з тапазу, з тапазам. Тапазавы пярсцёнак.

тапалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тапалогіі. Тапалагічныя ўласцівасці фігуры.

тапалёвы,

гл. таполевы.